Сёньня беларускі афіцыйны лідэр наведаў два аб'екты — узорную школу і ўзорную цяпліцу.

Выступы былі строга па тэме. У першым выпадку — пра адукацыйную палітыку, у другім —пра аграрную.

І гэта, бадай, тая сытуацыя, калі паказальным ёсьць ня тое, што прагучала, а тое, што не прагучала.

З панядзелка зацікаўленая публіка чакала рэакцыі на заяву расейскага амбасадара пра магчымасьць перакінуць у Беларусь ядравую зброю дзеля адказу амэрыканцам.

Згадзіцеся, ня кожны дзень дзяржаве зь бязьядравым статусам у Асноўным законе робяць такія прапановы. Тут не абысьціся разважаньнямі сэнатара Чаргінца.

Згадайма: калі піяраўскія меркаваньні вымагалі нейкіх заяў першай асобы, то хаджэньне ў народ было добрым фонам. Між іншым, сёлета ў сакавіку, калі электарат занепакоіўся, што кіраўніка доўга ня бачна, менавіта выезд на фабрыку гародніны быў скарыстаны дзеля цэлага вэеру праграмных заяў. Найперш, кажучы загалоўкам БЕЛТА, "прэзыдэнт Беларусі адкінуў чуткі аб сваёй сур'ёзнай хваробе". Звыш таго, прагучалі, у прыватнасьці, і ацэнка вынікаў Дня волі (памятаеце пра "шалудзівых людзей"?), і — nota bene! запэўніваньне пра гатовасьць і надалей быць для Масквы надзейным стратэгічным хаўрусьнікам у зьвязку з плянамі амэрыканцаў.

Сурыкаў, калі разабрацца, менавіта гэта і прапанаваў. Але піянэрскага "заўжды гатовы!" у адказ не прагучала. Не прагучала і афіцыйнага адлупу. Ні слова пра ракеты. Усё круцілася вакол таматаў, якіх у новай цяпліцы можна сабраць па 100 кг з квадратнага мэтра. Хаця пры жаданьні, як вы разумееце, прывезьці з сабой аўтобус журналістаў ды нібыта экспромтам пагутарыць зь імі пра ўсё набалелае на тле рэкордных ураджаеў гародніны можна было б элемэнтарна.

Чаму ядравая тэма аказалася такой сьлізкай?

Раю прачытаць меркаваньні Яраслава Раманчука — "Калі маўчаньне ёсьць слабасьцю" ды Юр'я Дракахруста — "Ядравы цугцванг Аляксандра Лукашэнкі".

Насамрэч, выглядае на тое, што Масква паставіла ў сытуацыю, калі любы ход пагаршае становішча. А хадзіць давядзецца. Насьпяваюць праблемы з выкананьнем гандлёвага пагадненьня, дый новая бітва за адносна танны газ не за гарамі. Насоўваецца халодны сэзон з асабліва непрыемнымі парывамі ўсходняга ветру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?