Аляксандр Лукашэнка скарыстаў справу Сноўдэна, каб звінаваціць ЗША ў спробах увесці татальнае сачэнне ў сусветным маштабе. Ён зрабіў гэта 1 ліпеня ў сваёй прамове на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Рэспублікі.

«Мяне часта крытыкавалі за тое, што я часам называў Злучаныя Штаты сучаснай дыктатурай. Мне ніколі не хацелася пакрыўдзіць ці абразіць гэтую вялікую краіну. Але хіба спробы татальнага сачэння ў сусветным маштабе не ёсць верным прыкметай дыктатарскіх і таталітарных замашак? І не толькі з боку Злучаных Штатаў «, — заявіў Лукашэнка.

«Нашы сеткі, базы звестак, каналы камунікацый, а таксама прыватнае жыццё нашых грамадзян павінны быць надзейна абаронены ад любога замежнага замаху», — сказаў Лукашэнка.

Ён прызнаў, што «ў адзіночку мы не здольныя супрацьстаяць глабальным тэхналогіях». «Таму ў гэтай сферы мы павінны рэзка нарасціць супрацоўніцтва з нашымі саюзнікамі і, перш за ўсё, з Кітаем — краінай, якая здолела стварыць эфектыўную сістэму абароны нацыянальнай кіберпрасторы». «Думаю, у бліжэйшы час мне ўдасца абмеркаваць гэтую праблему з кіраўніком Кітая», — дадаў ён.

На думку Лукашэнкі, «сярод усіх новых выклікаў і пагроз інфармацыйная бяспека ў самым шырокім сэнсе гэтага слова з’яўляецца галоўнай». «Гэта не азначае, што мы жадаем адгарадзіцца ад усяго свету, ці нейкім чынам абмежаваць законныя свабоды нашых грамадзян у інтэрнэце». «У сувязі з гэтым многія пачнуць заяўляць, што, маўляў, Лукашэнка кагосьці запалохвае, хоча ад кагосьці адгарадзіцца. Мы ні ад кога не адгароджваецца, я кажу гэта таму, што мы, будучы ўцягненымі ў гэта, не будзем хавацца, мы павінны змагацца. І сяму-таму мы ўжо навучыліся».

Варта адзначыць, што ў рэйтынгах свабоды слова Беларусь займае апошнія радкі ў свеце. Але сітуацыя ў Кітаі яшчэ горшая: там таксама дыктатура, і ўлада фільтруе ў інтэрнэце ўсю крытычную інфармацыю. У выніку ў краіне без крытычных СМІ і свабоды выказвання бязлітасна эксплуатуюцца людскія і прыродныя рэсурсы. Сацыяльныя правы людзей не абароненыя, а экалагічная сітуацыя кашмарная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?