У мінулую пятніцу літаратуразнаўцу, гісторыку Адаму Мальдзісу быў уручаны ордэн Францішка Скарыны. Уручаў узнагароду асабіста Аляксандр Лукашэнка.

Мы патэлефанавалі прафесару Мальдзісу, каб даведацца, ці атрымалася яму пагутарыць з кіраўніком краіны.

«Справа ў тым, што прэзідэнт спазняўся на 15 хвілін. Таму нас адразу папярэдзілі, што часу на выступы не будзе. Але

атрымалася вельмі коратка паразмаўляць. Усяго некалькі хвілін, — кажа Адам Іосіфавіч. — Гаварылі пра Скарыну. Нагадаў прэзідэнту, што праз 4 гады (2017) будзе вялікі юбілей — 500-годдзе першай друкаванай беларускай кнігі. Прыгадаў, што гэта вялікае свята. Прэзідэнт, як мне падалося, вельмі прыхільна і зычліва сустрэў мае словы.

Некалькі гадоў таму армяне, здаецца, вельмі шырока адзначылі 400-годдзе сваёй першай друкаванай кнігі. А чым мы горш? Гэта вельмі важнае свята. І я паспрабаваў давесці пра гэту Лукашэнку.

Дарэчы, калі ўжо дома разгледзеў ордэн, то быў прыемна ўражаны.

На ўзнагародзе ўвасобілася тое, пра што я гаварыў 45 гадоў, што Скарына належыць не толькі каталіцкай, ці не толькі праваслаўнай культуры. На ордэне напісана адначасова два імя і Францішак, і Георгій. Мне было гэта вельмі прыемна».

6 жніўня 1517 у Празе Францішак Скарына выдаў першую друкаваную беларускую кнігу «Псалтыр».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?