Прыводзім адкрыты ліст, які з’явіўся на сайце НЦІУ.
«Калектыў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці выказвае шчырую ўдзячнасць свайму кіраўніку Д.І.Нядзвецкаму і дзякуе яму за тое, што, не шкадуючы сіл, ён на працягу некалькіх месяцаў змагаўся за захаванне нацыянальнай сістэмы інтэлектуальнай уласнасці і тых унікальных спецыялістаў, розум і талент якіх з’яўляліся яе апорай.
Мы не ведаем, да чаго мы прыйдзем, але пастараемся адрадзіць тое, што наша краіна будавала больш за дваццаць гадоў і практычна разбурыла за некалькі месяцаў, палічыўшы, што ў мэтах аптымізацыі сістэмы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый разумным з’яўляецца пазбавіць спецыялістаў патэнтнага органа статусу дзяржаўных служачых. Гаворка ідзе пра спецыялістаў, якія прымаюць ад імя дзяржавы рашэнні аб выдачы ахоўных грамат, якія вырашаюць спрэчкі ў сферы прамысловай уласнасці, якія адказваюць за дзяржаўныя рэестры, якія распрацоўваюць акты заканадаўства, якія прадстаўляюць інтарэсы дзяржавы на міжнароднай арэне, якія выконваюць іншыя, неабходныя менавіта дзяржаве функцыі.
Мы будзем працягваць казаць пра ўнікальнасць беларускай сістэмы інтэлектуальнай уласнасці і людзей, якія яе фармуюць. Іх высокі ўзровень адзначаюць спецыялісты Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, Еўразійскай эканамічнай камісіі, Еўразійскай патэнтнай арганізацыі, замежных патэнтавых ведамстваў.
Мы губляем наш кадравы патэнцыял, паколькі, аддаўшы многія гады служэння нашай дзяржаве, спецыялісты патэнтнага ведамства вымушаныя шукаць іншую працу, на іншых дзяржаўных пасадах, у іншых арганізацыях, якія дазволяць ім хаця б захаваць той узровень заработнай платы, які, і так з’яўляючыся невысокім, дазваляў ўтрымліваць іх сям’і.
Мы накіруем усе нашы сілы на тое, каб ажыццявіць ідэю, у якую мы верым, — ідэю аб высокай каштоўнасці інтэлектуальнай уласнасці. Гэтая ідэя, ўбіраючыся ў кроў немаўлятаў з малаком маці, дазваляе замежным дзяржавам актыўна развівацца, канкураваць на сусветных рынках.
Мы ж пакуль сярод адстаючых і будзем там заставацца да таго часу, пакуль не захочам расплюшчыць вочы і прызнаць праўду.
Мы спадзяемся, што ўсе, хто звольніўся 28 чэрвеня 2013 года ў сувязі з адмовай ад працягу працы ў новых умовах, неўзабаве вернуцца. Бо вар’яцтва не можа працягвацца доўга. А ці не вар’яцтва, калі ў арганізацыі не застаецца кіраўніка і тых асоб, якія побач з ім прымаюць патрэбныя дзяржаве рашэнні.
Мы не губляем надзеі. І нам хочацца верыць, што мы ўсё ж такі атрымаем адказ на зварот аб тым, што чакае нацыянальную сістэму інтэлектуальнай уласнасці, якое амаль 140 работнікаў патэнтнага ведамства разам з Вамі накіравалі ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь яшчэ 19 красавіку 2013.Калектыў, які з Вамі…»
Што тычыцца статуса дзяржаўнага служачага, то ён прадугледжвае дзяржаўнае страхаванне і пенсіі, якія больш, чым у звычайных служачых.
На сайце Interfax.by з’явіўся каментар памочніка старшыні Камітэта па навуцы і тэхналогіям Юрыя Лукашэвіча, дзе гаворыцца, што рыхтуецца істотнае павышэнне заробкаў для супрацоўнікаў НЦІУ. А новым кіраўніком прызначаны Пятро Броўкін.Цэнтр інтэлектуальнай уласнасці размешчаны па адрасе Казлова, 20. Цэнтр забяспечвае ахову правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці і ажыццяўляе вызначаныя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь функцыі патэнтнага органа. Таксама займаецца аховай аўтарскага права.