2 ліпеня ў Гродне не выйшлі на працу прадпрымальнікі Цэнтральнага і Паўднёвага рынкаў, якія гандлююць адзеннем. Іх пратэст, як і пратэст ІП у іншых рэгіёнах Беларусі, звязаны з увядзеннем 1 ліпеня тэхрэгламенту Мытнага саюза, які прадугледжвае абавязковую сертыфікацыю тавараў лёгкай прамысловасці.

Як паведаміў БелаПАН адзін з прадпрымальнікаў, што гандлююць на Цэнтральным рынку, з раніцы некалькі гандляроў паспрабавалі адкрыць свае ралеты, аднак убачылі, што іх калегі не выйшлі на працу, і зачынілі свае гандлёвыя пункты.

Папераджальная забастоўка прадпрымальнікаў прайшла ў Гродне 27 чэрвеня, калі на працу не выйшлі больш як дзве тысячы гандляроў Цэнтральнага і Паўднёвага рынкаў. Не працаваў таксама крыты рынак «Карона».

Яшчэ раней, 16 чэрвеня, гродзенскія прадпрымальнікі правялі першую забастоўку. Тады іх дзеянні асудзіў кіраўнік абласной арганізацыі прафсаюза індывідуальных прадпрымальнікаў «Садружнасць» Валянцін Бранцэвіч. Ён заявіў, што забастоўка сарвала дыялог з уладамі па найбольш цяжкіх сённяшніх праблемах, у прыватнасці па пытанні ўвядзення 1 ліпеня абавязковай сертыфікацыі.

Сёння, ужо калі рынкі не працавалі, Бранцэвіч у каментары БелаПАН заявіў, што «забастоўкі ў горадзе няма». Паводле яго слоў, на 10 гадзін раніцы працавалі многія прадпрымальнікі Цэнтральнага і Паўднёвага рынкаў, а таксама рынак «Карона» і міні-рынкі. На гэты момант, зазначыў Бранцэвіч, наконт ўвядзення тэхрэгламенту вядуцца перамовы, аднак пытанне з сертыфікацыяй так проста не вырашаецца. «Яго трэба вырашыць на ўзроўні Мытнага саюза», — дадаў кіраўнік абласной арганізацыі прафсаюза «Садружнасць».

Як раней паведамляў БелаПАН, забастоўкі прадпрымальнікаў сёння праходзяць таксама ў Мінску, Віцебску, Баранавічах (Брэсцкая вобласць), Светлагорску (Гомельская вобласць), Гомелі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?