Прэс-служба Нацбанка выпусціла перасцярогу плацельшчыкам — карыстальнікам адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (рус. «единое расчетное и информационное пространство» — ERIP).

Апошнім часам пачасціліся выпадкі атрымання абанентамі беларускіх аператараў мабільнай сувязі кароткіх SMS з тэкстам прыкладна наступнага зместу: «Віншуем!!! Па выніках акцыі на плацежных тэрміналах з паслугай ERIP Вы сталі ўладальнікам галоўнага прыза. Тэлефануйце +7 (964) 985-34-45. Інфармацыйны сайт ERIP.lact.ru».

Інфармацыя, пададзеная ў гэтым паведамленні, з’яўляецца недакладнай, падкрэслівае Нацбанк. «Фактычна ў гэтым SMS-паведамленні махляры прапануюць наведаць сайт, які ўтрымлівае ў назве толькі абрэвіятуру ERIP, знаёмую і вельмі прывычную для беларускіх грамадзян. Пасля кантакту з махлярамі (праз сайт ці пры дапамозе тэлефона) даюцца інструкцыі, згодна з якімі пацярпелыя самастойна ажыццяўляюць дзеянні па спісанні грашовых сродкаў з рахунку, прывязанага да нумара мабільнага тэлефона, і іх адпраўку на электронны кашалёк у сістэме WebMoney. Сума, якая спісваецца аператарам з рахунку мабільнага тэлефона, вагаецца ў межах 2 млн. беларускіх рублёў», — адзначае Нацбанк.

З 13 мая па 6 чэрвеня 2013 года ў кантакт-цэнтр ERIP паступіла 285 паведамленняў ад грамадзян, якія атрымалі такія SMS.

Прэс-служба галоўнага банка краіны падкрэслівае, што НБ не праводзіў акцый і бонусных праграм для карыстальнікаў ERIP. У выпадку правядзення акцый і бонусных праграм Нацбанк для інфармавання насельніцтва краіны будзе выкарыстоўваць афіцыйныя друкаваныя і іншыя сродкі масавай інфармацыі (прэса, тэлебачанне і г.д.) і не будзе карыстацца SMS-рассылкай.

Карыстальнікі ERIP «нясуць поўную адказнасць за інфармацыю, якую ўводзяць на сайтах ці перадаюць трэцім асобам». Афіцыйная інфармацыя пра функцыянаванне ERIP, у тым ліку АІС «Разлік», знаходзіцца толькі на сайце www.raschet.by і на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка www.nbrb.by. Тэлефонам кантакт-цэнтра ERIP з’яўляецца кароткі нумар 141. Любыя нумары тэлефонаў, указаныя ў SMS (+7 (964) 985-34-45, +7 (964) 966-39-55, +7 (964) 979-56-56, +7 (967) 485-85-95, +7 (960) 822-30-22, +7(927)787-02-52 і г.д.), не маюць дачынення да ERIP.

Улічваючы, што даныя SMS-рассылкі носяць рэгулярны характар (студзень, красавік-чэрвень 2013 года) Нацыянальны банк звярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай аб садзейнічанні ў супрацьдзеянні гэтаму віду махлярства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?