Прайшоў роўна год, як 4 ліпеня 2012 адбыўся «Плюшавы дэсант». Нягледзячы на тое, што вайскоўцы і памежнікі спачатку адмаўлялі парушэнне мяжы аднаматорным самалётам са шведскім экіпажам, па гэтым факце была распачатая крымінальная справа па якой праходзілі грамадзяне Беларусі Антон Сурапін і Сяргей Башарымаў. І толькі нядаўна гэтая справа была закрыта.

Антон Сурапін распавядае «Нашай Ніве» пра гэты нялёгкі год, як адчувае сябе паўнавартасна свабодны чалавек пасля страшнай дэпрэсіі і што ўсё ж такі дагэтуль застаецца «без камэнтароў» .

НН: Антон, якія ўсё ж такі пачуцці віруюць у табе зараз, калі ты нарэшце стаў паўнавартасна свабодным чалавекам?

Антон Сурапін: Якія могуць быць пачуцці ў чалавека, які быў без віны змешчаны ў СІЗА КДБ больш, чым на месяц, а потым яшчэ вельмі доўгі час знаходзіўся пад падпіскай пра нявыезд і належныя паводзіны? Адказ ёсць у вашым пытанні: я адчуў сябе паўнавартасна свабодным чалавекам. Галоўнае, каб не было як у той гісторыі пра сабаку, які весь час імкнуўся да свабоды, а потым, калі атрымаў яе, абарваў вяроўку, не ведаў, што з гэтай свабодай рабіць.

НН: І што ты першае зрабіў, пасля атрымання гэтай свабоды?

АС: Адразу ж, у той самы дзень, паехаў з сябрамі ў іншы горад. Уявіце, цяжкі заплечнік, поўны вернутай тэхнікі, і, нягледзячы на тое, паехаць у іншы горад і не прасіць ні ў каго дазволу на выезд! Гэтае пачуццё дарагога варта!

НН: Адзначылі гэтую справу? Раней жа табе нельга было знаходзіцца нецвярозым у грамадскіх месцах.

АС: Трошачкі абмылі, але вельмі карэктна і нецвярозымі, падаецца, ніхто па вуліцы не бадзяўся.

НН: А ці засталася ў цябе звычка сур’ёзна думаць пра наступствы сказанага? І ці ёсць тэмы, якія застаюцца пад грыфам «сакрэтна» ці, як ты любіш выказвацца, «без камэнтароў»?

АС: Усе тыя тэмы, якія абмяжоўваюцца падпіскай пра неразгалошванне, застаюцца пад грыфам «сакрэтна». Тэма дзяўчыны, якой рабіў прапанову рукі і сэрца пасля выхаду з СІЗА — гэта проста «без каментароў». У астатнім лепш пытаць штосьці — і калі я хачу гаварыць на гэтую тэму і магу, то адкажу, калі не, дык проста пачуеце «без каментароў».

НН: То бок пытаць у цябе пра тую дзяўчыну Кацю і пачуць «усё добра» ці «усё засталося ў мінулым» увогуле не варта?

АС: Без каментароў. Для мяне ўся гісторыя з КДБ ужо ў мінулым, у мяне шыкоўны настрой і я не хачу акунацца ў гэтыя ўспаміны з крымінальнай справай. Я даўно выйшаў з дэпрэсіі і назад не хачу.

НН: Добра. Але прайшоў ужо год пасля «плюшавага дэсанту», якім быў гэты час для цябе?

АС: У мяне доўгі час была страшная дэпрэсія. З праектам www.bnp.by быў нейкі крызіс. Але былі і пазітыўныя моманты. Знакамітасць адчыніла новыя шляхі для працаўладкавання ў якасці фрылансера. Недзе на пачатку красавіка сяброўка незаўважна для самой яе літаральна за 5 гадзін цалкам вывела з дэпрэсіі (за што ёй яшчэ раз вялікі дзякуй!). Тады я зажыў на поўную моц, а пасля і абвінавачванні знялі — дык увогуле жыццё апошнім часам стала шыкоўным! Вельмі рады, што пазнаёміўся са многімі класнымі людзьмі, якія ў той ці іншай ступені паўплывалі на маё жыццё. Я адчуваў падтрымку не толькі сяброў, але і малазнаёмых людзей ці ўвогуле незнаёмых, якія пісалі ў сацыяльных сетках, выказвалі словы падтрымкі праз бацькоў і сяброў. Як ні дзіўна, а праблем на вучобе не было, я здаў і зімовую, і летнюю сэсію, хоць амаль год таму многія хваляваліся, ці не выганяць мяне з Інстытута журналістыкі БДУ.

НН: Часам прыходзіцца чуць меркаванні, што ты павінен дзякаваць КДБ за піяр…

АС: Гэта, вядома ж, не падзяка КДБ у літаральным сэнсе. Але яны зрабілі вельмі добры піяр, у першую чаргу, праекту Belarusian News Photos (www.bnp.by), спасылкі на які былі з сайтаў амаль усіх развітых краін свету. Вядома ж, цяпер ад таго піяру нічога не засталося. Але тады прагрэсіўнае чалавецтва даведалася, што існуе такі сайт.

НН: А ці ўдалося табе за гэты год скантактавацца з Башарымавым?

АС: На жаль, не ўдалося, я не маю ніякіх яго кантактаў

НН: Звяртаючыся да тваёй рэфлексіі, ці змяніўся ты за гэты год і кім у выніку стаў?

АС: Кім я стаў? Цудоўнае пытанне. Напэўна, дзіцем у некаторым сэнсе, як бы самакрытычна гэта ні гучала. Але лепш на гэтае пытанне адкажуць мае сябры, якія назіраюць за мною хто амаль год, хто ўжо больш за год. Якія ведалі мяне «тым» і ведаюць мяне «цяперашнім».

НН: Што з бліжэйшымі планамі?

АС: «Хочаш рассмяшыць Зоркі — распавядзі ім пра свае планы». Ужо столькі планаў было, якія не ўдалося ажыццявіць, што не хочацца нават загадваць. Але, магчыма, павандрую па Беларусі, мо на Захад з’езжу, бо аніводнага разу там не быў, хоць адным вокам хочацца паглядзець на сапраўдную Еўропу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?