Прысутныя на плошчы Тахрыр з партрэтам міністра абароны

Прысутныя на плошчы Тахрыр з партрэтам міністра абароны

Першы дэмакратычна абраны прэзідэнт Егіпта Мухамед Мурсі, які быў адхілены ад улады ўвечары ў сераду, зараз знаходзіцца пад кантролем вайскоўцаў. «Ён затрыманы прэвентыўна для будучых крокаў», — цытуе брытанская прэса ананімнага прадстаўніка арміі.

Раней з'явілася інфармацыя, што скінуты прэзідэнт знаходзіцца ў будынку ваеннай разведкі Егіпта.

Па словах неназванага высокапастаўленага прадстаўніка камандавання ўзброеных сілаў Егіпта, Мурсі затрыманы ў сувязі з магчымым прад'яўленнем яму абвінавачванняў. Як паведамілі егіпецкія СМІ,

Сілы бяспекі пачалі масавыя арышты сярод «Братоў-мусульман», уплывовага грамадскага руху, які падтрымліваў рэжым Мурсі.

У 2012 Мурсі балатаваўся ў прэзідэнты як кандыдат палітычнага крыла гэтага руху, але пасля абрання на пасаду прэзідэнта афіцыйна выйшаў з яго шэрагаў.

З'явілася інфармацыя аб затрыманні вярхоўнага лідара «Братоў-мусульман» Мухамеда Бадыя, яго намесніка Рашада аль-Баюмі і Саада аль-Кататні, кіраўніка Партыі свабоды і справядлівасці, сфарміраванай на базе руху.

Па дадзеных егіпецкіх афіцыйных асоб, пасля таго як вайскоўцы абвясцілі пра адстаўку прэзідэнта, у сутыкненнях прыхільнікаў і праціўнікаў Мурсі загінулі, прынамсі, 14 чалавек. Каля 50 чалавек былі параненыя.

Міністр абароны Егіпта генерал Абдэль-Фатах аль-Сісі вечарам 3 ліпеня звярнуўся да народа з тэлевізійным зваротам, у якім абвясціў, што Мухамед Мурсі больш не з'яўляецца прэзідэнтам краіны. Трансляцыю прамовы ў жывым эфіры вялі тэлеканалы.

Пасля кансультацый з лідарамі грамадскіх і рэлігійных арганізацый армія прыняла рашэнне прыпыніць дзеянне канстытуцыі, прызначыць кіраўніка канстытуцыйнага суда часовым кіраўніком дзяржавы, а таксама сфарміраваць нейтральны тэхнакратычны ўрад і прызначыць новыя выбары.

Акрамя таго, у Егіпце будзе створаны камітэт нацыянальнага адзінства, у які ўвойдуць усе палітычныя і грамадскія сілы краіны. Функцыі гэтага камітэта пакуль не вызначаны.

Па словах генерала, войска не будзе ўмешвацца ў палітыку, але будзе падтрымліваць законнасць, спакой і парадак падчас пераходнага перыяду.

На плошчы Тахрыр рашэнне было сустрэта салютам.

Пратэсты супраць прэзідэнта Мурсі пачалося 30 чэрвеня - у гадавіну яго інаўгурацыі.
Сотні людзей пратэставалі супраць пабудовы прэзідэнтам аўтарытарнай сістэмы кіравання і няздольнасці ўрада палепшыць стан эканомікі.

Мурсі і яго прыхільнікі з ліку егіпецкіх ісламістаў заяўлялі, што будуць змагацца за законны ўрад і, калі спатрэбіцца, возьмуць у рукі зброю. Пакуль ніякай актыўнасці з іх боку не назіраецца.

Мурсі прыйшоў да ўлады ў 2012 годзе пасля першых у гісторыі краіны свабодных дэмакратычных выбараў.
У другім туры ён атрымаў верх над генералам Ахмедам Шафікам, набраўшы 51% галасоў. Але няздольнасць урада падняць эканоміку абрынула папулярнасць Мурсі.

Ані ААН, ані ЗША, ані Еўрасаюз пакуль не выступілі з асуджэннем вайсковага перавароту ў спадзяванні, што ён скончыцца дэмакратычнымі выбарамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?