У Беларусь з Ватыкана прыбыў старшыня Папскага савета, кардынал па міжрэлігійным дыялогу Жан-Луі Таран. Папскі легат прыбыў у Мінск мінулай ноччу. Сёння ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Мне прыемна бачыць вас у Беларусі, і я вітаю вас на нашай беларускай зямлі. Вельмі спадзяюся, што ваша знаходжанне ў Беларусі будзе паспяховым і што пытанняў для перажыванняў і хваляванняў, якія выклікалі б дадатковыя праблемы, у нас сёння няма», — сказаў на сустрэчы А. Лукашэнка.

Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам шмат зроблена для цэркваў, у тым ліку Рымска-каталіцкай. Так, нядаўна, прынята рашэнне аб будаўніцтве духоўнага каталіцкага адукацыйнага цэнтра.

«Невырашальных пытанняў у нас няма. Я хацеў бы запэўніць вас і папрашу перадаць Папе, што каталіцкая канфесія, як і раней, будзе займаць дастойнае месца ў Беларусі».

5–6 ліпеня кардынал Таран возьме ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 400-годдзю знаходжання іконы Божай Маці Будслаўскай. Чакаецца, што 5 ліпеня ў Будславе (Мядзельскі раён Мінскай вобласці) папскі легат звернецца з кароткай прамовай да моладзі, а наступным днём адслужыць імшу ў касцёле Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі.

Сёлета традыцыйны фестываль «Будслаўскі фэст» пройдзе пад дэвізам «Марыя — маці нашай веры».

Важнай падзеяй урачыстасцяў будзе завяршэнне перагрынацыі (вандравання) копіі абраза Маці Божай Будслаўскай па епархіях Беларусі. У прысутнасці кардынала Тарана будзе асвечаны крыж і памятны знак. Апрача таго, у дні святкавання юбілею ў Будслаў прыбудуць рэліквіі святой Тэрэзы.

Пасля ўрачыстасцяў у Будславе пасланнік Ватыкана вернецца ў Мінск, дзе 7 ліпеня адслужыць імшу ў сталічным архікафедральным саборы. Візіт кардынала Тарана завершыцца 8 ліпеня, паведамляе БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0