19-гадовы Алекс Гальчанюк пры­мусіў гаварыць пра сябе з захапленнем падчас моладзевага чэмпіянату свету, дзе зборная ЗША стала чэмпіёнам. Потым ён правёў роўны дэбютны сезон у НХЛ. А на завяршэнне заваяваў з дарослай зборнай «зорна­паласатых» «бронзу» на сусветным першынстве ў Швецыі. Усяго за сезон Алекс правёў больш за сотню гульняў. Летні адпачынак малады форвард праводзіць у Беларусі, на радзіме бацькоў. Шмат разоў пераносілі месца сустрэчы, бо хакеіст не мог дабрацца з лецішча ў Гарадзішчы да сталіцы.

Пазналі ў фітнэс­клубе


«Наша Ніва»: У Мінску без аўтамабіля?

Алекс Гальчанюк: Я прыязджаю ў Беларусь усяго на пару тыдняў, таму асаблівай патрэбы ў машыне не маю. У ЗША і Кана­дзе клопату болей, таму там без аўтамабіля ніяк.

«НН»: Увага да Вас павышаная пасля чэмпіянату свету?

АГ: Шчыра кажучы, то не сказаў бы. У Манрэалі, натуральна, увагі многа. Але так было і да чэмпіянату свету.

«НН»: А ў Мінску?

АГ: Я тут асабліва нідзе не з’яўляюся. Быў у фітнэс­клубе, дык там пазналі. Сфоткаліся са мной. Не так, як у Манрэалі. У Канадзе цяжка прайсці па вуліцы — адразу пазнаюць.

Калі чапляць, то ўсё

«НН»: На чэмпіянат свету адразу згадзіліся ляцець? Усё ж сезон быў нялёгкім. Столькі гульняў правялі як на дарослым, так і на моладзевым узроўні.

АГ: Канечне, раздумваў. Раіўся з агентамі, бацькамі. Сезон складаным быў — «Сарнія», моладзевы чэмпіянат свету, «Манрэаль». Доўга думаў. Я ж люблю гуляць за зборную, калі гатовы паказваць 100-працэнтны вынік. А гуляць напаўсілы — гэта не па мне. Але вырашыў, што ў гэтым годзе, калі чапляць, то ўсё.

«НН»: На сусветным першынстве атрымалася згуляць на поўную сілу?

АГ: Усё ж форма была далёкая ад той, што ў Кубку Стэнлі. Былі б такія ногі, як у плэй­офе, то, можа, паказаў бы лепшы вынік. Я тым не менш рады турніру. Усё было крышачку іншым (супернікі, пляцоўка, стыль гульні, матывацыя), але я прывык.

«НН»: Закінуць пераможную шайбу Расіі было прыемна?

АГ: Цікава было гуляць супраць Расіі. Я ж жыў там… Я ўжо гуляў супраць Расіі на моладзевым чэмпіянаце. Ведаў, што не трэба шмат «перадумваць», «перанастройваць» сябе, як гуляць супраць Расіі. Трэба проста гуляць. Калі я прыехаў у зборную, то ўбачыў, што там сабралася вельмі класная група хлопцаў. Не лічу, што мой прыезд у зборную быў вырашальным.

«НН»: У матчы за трэцяе месца два вашы буліты былі ўсё ж вырашальнымі. Дзе іх навучыліся так выконваць?

АГ: Не ведаю. З татам вельмі часта на трэніроўках адпрацоўваў. Ён заўсёды казаў, што буліт — гэта той кампанент, які можа вырашыць лёс гульні. У патрэбны момант так і атрымалася. Людзі кажуць, маўляў, маладому даверылі біць буліты. Я так не думаў. Я проста хацеў вырашыць лёс гульні.

У сацсетках не брыдкаслоўлю


«НН»: Сезонам у «Манрэалі» задаволеныя?

АГ: Канечне. Хаця і не ведаў, чаго чакаць. Я ўсё ж самы малады хакеіст, які правёў цэлы сезон у НХЛ. Набраў 27 пунктаў у 48 гульнях. Мог і лепш згуляць, але мог і нашмат горш.

Я не вельмі звяртаю ўвагу на прэсу, на працягу ўсяго года стараюся не чытаць СМІ.

«НН»: Прэсу не чытаеце. Затое ў сацыяльных сетках шчыруеце.

АГ: Раней быў нашмат больш актыўным. Адказваю часам фанатам. Але часта бывае, што задаюць адны і тыя ж пытанні, не будзеш жа на іх увесь час адказваць.

«НН»: Напрыклад.

АГ: Пішуць у міжсезонне: «Не можам дачакацца гульняў». Альбо пытаюцца, як праходзіць лета, як адчуваю сябе падчас сезона, калі выйграем Кубак Стэнлі. На ўсе пытанні проста фізічна немагчыма адказаць.

«НН»: Калі, напрыклад, у Фэйсбуку напішаце нейкае матнае слова, Вас за гэта ў «Манрэалі» пакараюць?

АГ: Асабіста я не напішу. Ведаю, што некаторыя пішуць. У нас у камандзе я такіх выпадкаў не памятаю. Проста шмат дзяцей сочаць за табой, хочуць быць падобнымі да цябе. Нельга дапускаць такіх вольнасцей. Канечне, ёсць моманты, што хочацца напісаць мат, але стрымліваешся, бо людзі не вінаватыя, што ў цябе кепскі настрой.

Я — амерыканец


«НН»: Пытанне, якое ў Беларусі абмяркоўваецца. Хто Вы па нацыянальнасці? Амерыканец, беларус, расеец?

АГ: Я — амерыканец. Я нарадзіўся ў ЗША. Гэтае пытанне крыху надакучыла. Калі б я лічыў сябе неамерыканцам, то гуляў бы за іншую зборную. Але ніколі не вагаўся.

«НН»: Здаецца, Вам прапаноўвалі гуляць за Расію. У Вас быў расійскі пашпарт?

АГ: Не. Многа інфармацыі, але ўсё гэта няпраўда. Расійскага пашпарта ў мяне не было.

«НН»: Вы гулялі за магілёўскае «Хімвалакно». Што гэта з сябе ўяўляла?

АГ: Можа, пару гульняў зачапіў. Тады там гуляў мой тата. Я прыязджаў, калі не было матчаў за маскоўскае «Дынама», каб падтрымаць форму, паглядзець, як гуляе бацька. У Беларусі і Расіі моладзь праводзіць не надта шмат гульняў, а тата хацеў, каб я гуляў больш, таму і прыязджаў у Магілёў.

«НН»: У Мінску па-ранейшаму ніхто з хакейных людзей, з федэрацыі на Вас не выходзіць?

АГ: Не. Многія пытаюцца: «А чаму ты не гуляеш за Беларусь?» Дык мне ніхто не прапаноўваў ніколі. Як бы смешна гэта ні гучала. Хаця я б адмовіўся, бо заўсёды марыў гуляць толькі за Амерыку. Нецікавы я, мабыць, у Беларусі.

«НН»: Амерыканскі хакеіст беларускага паходжання, так напісана ў Вікіпедыі, слушна?

АГ: Мне без розніцы. Ніколі не называў сябе рускім

«НН»: У расійскіх СМІ можна знайсці словы, дзе Вы называеце сябе «рускім».

АГ: Ніколі не казаў такога. Можа, напісалі, каб людзям было цікавей прачытаць. Я сабе галаву такімі рэчамі не забіваю.

«НН»: У Канадзе ёсць з кім гаварыць па-руску?

АГ: З бацькамі — так. Хаця з кожным годам усё цяжэй падбіраць словы. Асабліва даваць інтэрв’ю.

«НН»: На беларускай мове што­небудзь ведаеце?

АГ: Не. Хіба што «Асцярожна, дзверы зачыняюцца».

«НН»: Вы шмат гулялі як у Еўропе, гэтак і ў Амерыцы. Да якой школы сябе адносіце?

АГ: Азы хакея атрымліваў ад таты. Вядома, шмат чаго ўзяў ад рускай школы, але не менш і ад амерыканскай. Я ўсё найлепшае сабраў у сабе.

«НН»: Тата для Вас — асноўны аўтарытэт?

АГ: Канечне. Так было на працягу многіх гадоў, так застаецца і цяпер. Я давяраю той падрыхтоўцы, якую ён мне дае. Усім, чаго я дабіўся, я абавязаны тату.

Хаджу ў праваслаўную царкву


«НН»: У Мінску дзядулю неяк дапамагаеце на лецішчы? Траву косіце?

АГ: Адны дзядуля з бабуляй у мяне жывуць на лецішчы пад Мінскам, а іншыя — на праспекце Пераможцаў. Начую на лецішчы, там прабежкі раблю, лазня. Удзень еду ў Мінск на фітнэс, абедаю ў бацькоў мамы. У сваякоў усё нармальна, дапамагаць ім асабліва няма патрэбы.

«НН»: А як праводзіце свабодны час падчас сезона?

АГ: У гэтым годзе яго амаль не было. Максімум два дні адпачынку атрымлівалі. У Манрэалі, канечне, шмат цудоўных рэстаранаў, іншых месцаў. Усё што заўгодна. Бывае, канечне, завісаю ў інтэрнэце. Я не скажу, што, як робат, раблю заўсёды адно і тое ж. Гляджу адны і тыя ж серыялы ці чытаю адны кнігі. Як ідзе, гэтак ідзе. Я звычайны тынэйджар і жыву тынэйджарскім жыццём. Яшчэ люблю хіп­хоп.

«НН»: Ваша сястра раней выступала за зборную Беларусі па фігурным катанні. Чым яна цяпер займаецца?

АГ: Працуе ў Манрэалі. Жыла са мной, бо мне не дазволілі жыць аднаму, як маладому гульцу. Дапамагала са знаходжаннем кватэры, бо ў мяне проста часу не было на такія бытавыя рэчы. З фігурным катаннем ужо завязала.

«НН»: Адпачывалі сёлета ў Маямі. Па Еўропе не хацелі праехацца?

АГ: На чэмпіянаце свету праехаўся. Стакгольм паглядзеў, быў час. Класны горад.

«НН»: У Вас на руцэ фенечка з абразкамі. Вы вернік?

АГ: Так, хаджу ў Манрэалі ў праваслаўную царкву.

Алекс Гальчанюк

Нарадзіўся ў 1994 у Мілуокі (ЗША) у сям’і беларускага хакеіста Алекса Гальчанюка. На моладзевым узроўні гуляў за каманду «Сарнія Стынг» (Канада). Цяпер гулец «Манрэаль Канадыянс» (самы тытулаваны клуб НХЛ). Чэмпіён свету сярод моладзі (2013). Бронзавы прызёр дарослага чэмпіянату свету (2013).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?