Спадзяюся, прафесар Вячаслаў Швед з калегамі сам дастойна адкажа на рэцэнзію рэдактара «Беларускай Думкі» В. Ф. Гігіна на «Гродназнаўства», якая толькі з’явілася, і Вадзім Францавіч яе абавязкова апублікуе, бо таго патрабуе навуковая этыка, але пару пікантных момантаў згаданай рэцэнзіі дазвольце адцеміць.

Ніколі не было асаблівага жадання выказвацца аб водгуках шматлікіх «добразычліўцаў» і знатакоў беларускай гісторыі, якія пачалі падаваць голас пасля таго, як аўтары краязнаўчага падручніка «Гродназнаўства» трапілі ў апалу, бо, сітуацыя, у прынцыпе, зразумелая. Спачатку дружна хвалілі, паказвалі рэпартажы на АНТ, прэзентавалі па бібліятэках і на выставах, а пасля, калі стала можна ганіць, дружна накінуліся усе разам. Але сітуацыя крыўдлівая не таму, што нападаюць, а таму, што не даюць адказаць на старонках тых самых газет і часопісаў. Пакуль прафесар Вячаслаў Швед кіраваў кафедрай у ВНУ і быў сябрам ВАКу, дык усе яго ахвотна друкавалі, а цяпер нават «Гродзенская праўда», апублікаваўшы выкрывальніцкі артыкул ягонага былога калегі Валерыя Мікалаевіча Чарапіцы пра «Мужыцкую праўду», адмаўляецца друкаваць заўвагі-адказы не менш паважанага прафесара-выгнанца. Так бы мовіць, кусаюць старога гродзенскага льва за пятку, не даючы яму магчымасці нават зубы паказаць.

Спадзяюся, прафесар Вячаслаў Швед з калегамі сам дастойна адкажа на рэцэнзію рэдактара «Беларускай Думкі» В. Ф. Гігіна на «Гродназнаўства», якая толькі з’явілася, і Вадзім Францавіч яе абавязкова апублікуе, бо таго патрабуе навуковая этыка, але пару пікантных момантаў згаданай рэцэнзіі дазвольце адцеміць.

Пакінем у супакоі справы далёкага мінулага і адразу пяройдзем да шматпакутнага мінулага 20 стагоддзя, або, дакладней, да падзей міжваеннага дваццацігоддзя, калі Гродна жыў у складзе міжваеннай Польшчы.

Гродна ў часы БНР называлі выключна ГОРАДНЯ. Спадар Гігін можа не сумнявацца.

Гродна ў часы БНР называлі выключна ГОРАДНЯ. Спадар Гігін можа не сумнявацца.

Гродна ў часы БНР называлі выключна ГОРАДНЯ. Спадар Гігін можа не сумнявацца.

Гродна ў часы БНР называлі выключна ГОРАДНЯ. Спадар Гігін можа не сумнявацца.

В. Ф. Гігін адразу ставіць пытанне канкрэтна: «Ужо з першых старонак узнікае пытанне: гэта беларуская ці польская кніжка?», кажа ён пра «Гродназнаўства», намякаючы ці не на прадажнасць аўтараў. У кнізе няма пафасу барацьбы працоўных Гродна за сваё вызваленне, дзе забастоўкі, дзе працэсы, брутальныя паліцэйскія рэпрэсіі і ўсё іншае, чым павінна займацца аўтарытарная дзяржава ў дачыненні да сваіх грамадзян?! «На ілюстрацыях — пераважна пекныя паненкі, шчаслівыя дзеці, пара беларускіх гурткоў і таму падобная пастаральная ідылія», — канстатуе рэцэнзент.


Гродзенскі гурток ТБШ, паводле Гігіна — частка «пастаральнай ідыліі».

Здымкі «беларускіх гурткоў» — гэта гродзенскі гурток ТБШ (як водзілася з Пагоняй і бела-чырвона-белым сцягам), здымкі беларускіх прытулкаў і вучняў школ. Але калі меркаваць, што сябры «беларускага гуртка» на здымку — гэта нейкія згоднікі, якія пад бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй прадаваліся Польшчы, то гэта няпраўда. Стаіць злева — Надзея Ламашэвіч, беларуская актрыса, дзяячка ТБШ, якая тры разы сядзела ў польскай турме. У цэнтры Піліп Кізевіч. Ён быў сябрам клуба «Змаганне» і ў час апошняй вайны быў партызанскім сувязным. Сядзіць другі злева Уладзімір Паддубік, які за працу ў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамадзе атрымаў прыгавор у 6 гадоў цяжкай польскай турмы. Яны змагаліся за Беларусь як маглі, але ў памяці нашчадкаў хацелі застацца прыгожымі і маладымі, а не з паразбіванымі паліцый галовамі.

В. Ф. Гігін наракае: «У кніжцы вы не знойдзеце аднаго вельмі цікавага фотаздымка — першамайскай дэманстрацыі 1936 года. Тады на плошчу Баторыя выйшла больш за 4 тысячы гараджан, у тым ліку 150 дзяцей. Уся фатаграфія распісана лічбамі — гэта паліцэйскія агенты ўстанаўлівалі прозвішчы ўдзельнікаў».


Здымак з дэманстрацыяй 1936 года, якога «не пабачыў' у кнізе Гігін».

Што тут і казаць, бачым толькі тое, што хочам бачыць. Бо здымак першамайскай народнафронтаўскай дэманстрацыі 1936 года ў «Гродназнаўстве» акурат змешчаны на старонцы 238. Праўда не той, які бачыў у Другім томе Энцыклапедыі гісторыі Беларусі сп. Гігін, а зроблены крыху з іншага ракурса, метраў сто далей ад папярэдняга здымка. Ён без нумароў апазнаных паліцыяй удзельнікаў, якіх пасля рэпрэсавалі польскія ўлады, але затое ўнікальны, бо ўкладальнікі «Гродназнаўства» друкавалі пераважна невядомыя выявы. Вадзіму Францавічу ж хацелася падкрэсліць як палякі душылі беларусаў і як удала пасля іх вызвалілі ў 1939-м (ён пасля вінаваціць аўтараў, што не распавялі пра слаўнае «гродзенскае паўстанне» працоўных). Пакажам жа яму іншы архіўны здымак з паліцэйскага альбома. На ім тыя самыя заходнебеларускія хлопцы, таксама падпісаныя і апазнаныя канфідэнтам, а ніжэй… пераклад іх прозвішчаў на рускую мову, зроблены рукой энкавэдыста ў 1940 годзе. Бо не верылі бальшавікі сябрам былой КПЗБ і плацілі ім за іх адданасць ідэі камунізму гуды горшай манетай, чым нават палякі. Гэта на тэму, што адныя прыхадні былі дрэнныя, а другія сталі добрыя, на што намякае рэцэнзент.

А каб асучасніць карціну паведамім рэцэнзенту, што летам 2011 года на вуліцы Гродна, на тую самую плошчу, на якой стаялі дэманстранты ў 1936-м, выходзіла не менш людзей. І іх таксама фатаграфавалі і здымалі на камеры, каб пасля высветліць прозвішчы, павыганяць з працы і пасадзіць на суткі. Толькі чаму дэманстранты з 1936-га ў вас героі і змагары, а дэманстранты з 2011-га ў вас «удзельнікі несанкцыянаваных мітынгаў»!? Змагаліся ж за тое самае — за школу на беларускай мове, за дастойную аплату працы, за вяршэнства закона?!

Зразумела, што рэцэнзенту баляць не «гістарычныя памылкі» аўтараў, а няправільна, на яго думку, растаўленыя акцэнты. Таму і спрабуе ён усяк паказаць паланафільства аўтараў кнігі, насамрэч крыўдзячыся на іх за адсутнасць дэманстрацыйнай адданасці Маскве. Што ж, пашукаем гэтае паланафільства ў тэксце «Гродназнаўства»:

— пра 1919 г. «у Гродне зачыняюць беларускія газеты і большасць беларускіх арганізацый. Летам 1919 года ў горадзе адбываюцца арышты мясцовых беларускіх дзеячоў. У маі 1919 года ў горад прыбыў прафесар львоўскай семінарыі Рафал Вазнякоўскі. Ён прыступіў да абавязкаў польскага школьнага інспектара Гродзенскага павета. За кароткі час ягонай працы была зачынена большая частка беларускіх школ у горадзе і павеце. Прозвішча «Вазнякоўскі» сталася сінонімам польскага пераследу беларускай асветы. Рэпрэсіі і палітыка паланізацыі прымусілі няпольскую частку жыхароў Гродна спадзявацца на хуткі прыход савецкай улады."

— пра 1920-я1930-я гг. «Польскія ўлады непрыхільна ставіліся да актыўнасці беларускіх арганізацый, яны намагаліся паменшыць уплыў праваслаўнай царквы на мясцовае насельніцтва… У 1923 годзе з Гродна быў высланы праваслаўны епіскап Уладзімір, які выступаў супраць утварэння польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У канцы 1930-х гадоў пры падтрымцы польскіх уладаў у Гродне ствараецца таварыства праваслаўных палякаў. Яно выказвалася за вядзенне ў храмах праваслаўнай службы па-польску. Больш затое, у 1938 годзе была разабрана царква Св. Аляксандра Неўскага на плошчы Тызенгаўза. У якасці прычыны называлася тое, што царква замінала руху транспарту."

— «Праблемай заставалася асвета для нацыянальных меншасцяў. Апошняя беларуская школа была зачынена ў 1927 годзе. Габрэйскія школы ўтрымоўваліся за ўласны кошт."

— пра 1939 год. «Польскія вайскоўцы і апалчэнцы з ліку гарадскога насельніцтва аказалі супраціў Чырвонай Арміі, якую яны лічылі захопніцкай. У той жа час, у сваёй большасці, габрэйскае і беларускае насельніцтва Гродна з радасцю вітала прыход савецкіх войскаў. Яшчэ да іх уступлення ў горадзе пачаліся ўзброеныя выступленні прыхільнікаў былой Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі супраць польскай улады."

І ўсё гэта надрукавана ў кнізе, пра якую спадар Гігін не можа зразумець — палякамі ці беларусамі яна напісана!


Здымак, на якім беларускія хлопцы апазнаныя спачатку польскім канфідэнтам, а пасля прапісаныя па-руску НКВДэшнікам.

А вось асветлены аўтарам рэцэнзіі сюжэт, які выглядае як непрыхаванае перакручванне фактаў. В. Гігін на аснове ўспамінаў Васіля Быкава (!) сцвярджае, што гарадзенскі пісьменнік «Аляксей Карпюк не толькі не выступаў супраць уводу войскаў [ў Чэхаславакію ў 1968 г.], але нават быў мабілізаваны ў той час у армію і вельмі гэтаму радаваўся». Такую выснову рэнэнзент зрабіў са згаданай Быкавым фразы Карпюка, які збіраючыся ў Прагу, сказаў: «Вось я ім там ужо напішу!»

Дамо слова самому Карпюку: «Наспявалі падзеі ў Чэхаславакіі. Я з сябрамі не хаваў сімпатый да „Пражскай вясны“, і начальства не ведала, як яму быць. Каб нейтралізаваць хоць мяне, нечакана прыслалі позву і як афіцэра запаса ўзялі бытта бы на перападрыхтоўку.

22 жніўня 1968 года нашу дывізію раптоўна за ноч пераабмундзіравалі ва ўсё новае ды накіравалі ў Прагу для абароны чэхаславацкага народа ад „проісков імперіалістов“.

Дывізія па дарозе Гродна-Беласток зрабіла ўжо 15 кіламетраў… Каля Брузгоў мяне нечакана выклікалі з даўзёрнай калоны. Падпалкоўнік з палітчасці Георгій Глонці прывёз са штаба новы загад: у Чэхаславакію ні ў якім выпадку мяне не пускаць, з арміі зараз жа звольніць. Георгій Уладзіміравіч пры гэтым шапнуў, што ён падслухаў размову начальства, якое вырашыла, што на „гражданцы“ шкоды цяпер я зраблю менш».

Вось так выкінуты з вайсковай машыны на савецка-польскай мяжы пісьменнік у савецкай форме, партызан і сумленнейшы чалавек Аляксей Карпюк, які хацеў напісаць праўду пра Прагу 68-га і на якога ўжо ў той час страчыў дакладную ў ЦК старшыня КДБ Андропаў, аказаўся ў В. Ф. Гігіна задаволеным прыхільнікам савецкай інтэрвенцыі ў Чэхаславакію.

Напрыканцы нагадаем В. Ф. Гігіну як Аляксей Карпюк ахарактэрызаваў партыю кабякоў, арціменяў і кляцковых (тых самых, каго не ўшанавалі ні слоўцам аўтары «Гродназнаўства»), калі пакідаў яе напярэдадні развала СССР: «КПСС — носьбіт чужой мне маралі, якая ўсю гэтую араву банкротаў і сектантаў нарадзіла, пры дапамозе моцных сродкаў прапаганды і шматлікіх чыноўнікаў з высокімі заробкамі сцерагла і сцеражэ, падкормлівала і падкормлівае. Усё гэта ўвайшло ў непрымірымы канфлікт з мацерыковай народнай маральлю, закладзенай ува мне… Я больш не хачу да гэтай партыі належаць! Упэўнены, што калі б жыў мой бацька, і ён сказаў бы мне — правільна, сын, робіш, мы абодва надта памыляліся! Скідвай з сябе чужую, цесную кашулю, выбірайся з глухой калдобіны, якую злая гісторыя падрыхтвала людзям, і вяртайся да сваіх каранёў!«Вось і ўся праўда, сказаная два дзесяцігоддзі таму лепшым з гродзенцаў і няблага паўтораная аўтарамі «Гродназнаўства».

Ня трэба спрабаваць забраць у свабодалюбных гродзенцаў Васіля Быкава з Аляксеем Карпюком, ня трэба спрабаваць падзяліць іх на праваслаўных і католікаў, на паланафілаў і прыхільнікаў Масквы, нацыяналістаў і камуністаў. Гродзенцы сваю дарогу ведаюць і сваю праўду скажуць. А кэпэзэбоўцы і грамадоўцы — гэта не вашыя героі, Вадзім Францавіч. Яны з імем Кастуся Каліноўскага (а не Мураўёва-Вешальніка, які вам так блізкі) білі і немцаў, і іспанскіх фашыстаў і змагаліся за Беларусь з палякамі ў міжваеннай Рэчы Паспалітай. Таму лепш за ўсё «скінуць з сябе чужую кашулю і вярнуцца да сваіх каранёў», як пісаў заходнебеларускі камсамолец, камандзір партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага, перакананы свабодалюбец Аляксей Карпюк, якога летам 1992 года Гродна хавала пад дзясяткамі бела-чырвона-белых сцягоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?