Апазыцыйная кааліцыя й «Грамада» стварылі апэратыўныя штабы дапамогі палітвязьням. У аб’яднанай апазыцыйнай кааліцыі і ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада») заяўляюць, што іх галоўная задача цяпер – юрыдычная і матэрыяльная дапамога сотням палітвязьняў, у тым ліку былому кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Казуліну, якому пагражае крымінальны перасьлед.

Як зазначыў кіраўнік юрыдычнай службы штабу Аляксандра Мілінкевіча Ўладзімер Лабковіч, цяпер усе суб’екты апазыцыйнай кааліцыі актыўна займаюцца арганізацыяй матэрыяльнай і харчовай дапамогі палітвязьням.

(Лабковіч: ) «Будзе складацца сьпіс звольненых з унівэрсытэтаў, з працы. Будзе рабіцца ўсё магчымае, і я ўпэўнены, што ніводзін чалавек не застанецца без дапамогі, яе атрымаюць усе звольненыя з працы паводле палітычных матываў. Упэўнены, што ні адзін студэнт не застанецца без адукацыі».

Акрамя таго, як паведаміў спадар Лабковіч, складуць сьпіс амапаўцаў, якія зьдзекаваліся зь людзей, і ўсіх судзьдзяў, якія выносілі прысуды ў палітычных справах. Усе выпадкі зьбіцьця і катаваньняў будуць зафіксаваныя па выхадзе палітвязьняў з турмаў, і скаргі скіруюць у пракуратуру. Спадар Лабковіч таксама паведаміў, што апазыцыйнай кааліцыяй ствараецца стала дзейны камітэт у абарону палітвязьняў, дзейнасьць якога цяпер каардынуе Віктар Карняенка. Аналягічную структуру ўтвараюць і ў БСДП, паведаміў намесьнік кіраўніка партыі Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) «Цяпер будзем зьбіраць апэратыўны штаб дзеля вызваленьня Казуліна і астатніх палітвязьняў, а таксама для арганізацыі ўсёй працы, зьвязанай з падзеямі апошніх тыдняў».

«Грамада» ўжо распачала збор подпісаў пад зваротам да Генэральнага пракурора за вызваленьне Казуліна і іншых палітвязьняў. Уладзімер Нісьцюк спадзяецца сабраць сотні тысяч подпісаў, як гэта было падчас збору подпісаў за вылучэньне Казуліна кандыдатам на прэзыдэнта.

Што да падтрымкі студэнтам, якіх могуць выключыць з ВНУ за ўдзел у акцыях пратэсту, то Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што гэтая праблема вырашаецца пасьпяхова:

(Мілінкевіч: ) «Мы давалі абяцаньне, што будзем клапаціцца пра кожнага рэпрэсаванага. І гэта сапраўды задача нумар адзін, калі мы каманда, калі мы супольнасьць. І адна з самых асноўных – гэта падтрымка студэнтаў, якіх ужо пачынаюць выкідваць з унівэрсытэтаў. Гэтую праблему мы ўжо ведаем, што вырашым, таму што прэм’ер-міністры Польшчы, Славаччыны і Чэхіі ўжо выказаліся, што будуць спэцыяльныя праграмы. У Польшчы праграма будзе называцца «Вольная адукацыя імя Кастуся Каліноўскага».

Аляксандар Мілінкевіч сёньня накіроўваецца ў Варшаву для падпісаньня дамовы на бясплатнае навучаньне рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў з рэктарамі польскіх унівэрсытэтаў. Сустрэча адбудзецца пад эгідай Сэнату Польшчы і з ініцыятывы прэм’ер-міністра. Спадар Мілінкевіч кажа, што будзе таксама вывучаць магчымасьць працаўладкаваньня за мяжой звольненых за палітычныя перакананьні.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0