Егіпецкі рух «Браты-мусульмане» заклікаў да паўстання супраць сіл, якія атрымалі ўладу ў краіне пасля адхілення ад улады прэзідэнта Махамеда Мурсі.
У заяве «Браты-мусульмане» заклікаюць егіпцян паўстаць супраць тых, хто «хоча скрасці рэвалюцыю, выкарыстоўваючы танкі». Таксама рух запатрабаваў, каб міжнародная супольнасць умяшалася ў сітуацыю ў краіне з мэтай «спыніць далейшае кровапраліцце», а таксама не дапусціць, каб Егіпет ператварыўся ў «новую Сірыю», дзе ідзе грамадзянская вайна.
Паводле ваенных, у панядзелак падчас разгону акцыі пратэсту «Братоў-мусульман» ля казармаў Рэспубліканскай гвардыі ў Каіры загінулі 42 чалавекі, яшчэ 322 чалавекі былі параненыя.З боку ваенных загінуў адзін чалавек, яшчэ 40 былі параненыя. Раней «Браты-мусульмане» паведамлялі, што ля казармаў загінулі 34 іх прыхільнікі.
Напярэдадні, 7 ліпеня, «Браты-мусульмане» заклікалі сваіх прыхільнікаў да масавых пратэстаў супраць дзеяньняў вайскоўцаў. Яны патрабавалі, каб людзі заставаліся на вуліцах, лічачы, што гэта дапаможа вярнуцца да ўлады былому прэзідэнту Мурсі.