Беларускія «Ляпіс Трубяцкой» і рок-трыа Akute выступяць на буйнейшым музыкальна-забаўляльным фестывалі Galapagai, які адбудзецца 2–3 жніўня каля літоўскага горада Зарасай, на мяжы з Беларуссю і Латвіяй.
Афіцыйная інфармацыя пра гэта мерапрыемства размешчана на сайце фестывалю galapagai.lt.

У якасці хэдлайнераў на музычны фестываль запрошаныя такія калектывы, як Hadouken! (Вялікабрытанія), Clawfinger (Швецыя), Instrumenti (Латвія), Charlie Straight (Чэхія). «Ляпіс Трубяцкой» таксама заяўлены адным з хэдлайнераў фестывалю, Akute жа сталі пераможцамі беларускага адбору на Feel Free — адну з трох сцэнаў фестывалю, — нароўні з маладымі гуртамі з Літвы, Латвіі, Эстоніі.

«Сёлета, шукаючы новыя таленты, мы ўпершыню выйшлі за межы Літвы, — заявіў кіраўнік фестывалю Альгірдас Барнішкіс. — Мы паслухалі больш як тузін маладых беларускіх каманд, і Akute сталі для нас адным з прыемных сюрпрызаў

— гурт мае свой адметны стыль і гук. Я спадзяюся, што літоўская публіка ацэніць іх музыку і прыгажосць беларускай мовы ў іх песнях. Ну, а „Ляпіс Трубяцкой“, моц іх канцэртных выступленняў ужо добра ведаюць у Літве. Як толькі мы іх заявілі, была вельмі добрая рэакцыя».

Сёлета Galapagai, які раней называўся Rock Nights, адбудзецца ўжо ў адзінаццаты раз.

Гасцей фестывалю чакаюць тры музычныя сцэны, а таксама розныя забавы, у ліку якіх водныя горкі, тарзанкі, тэатр, гульні, майстэрні і шоу на трукавых веласіпедах — BMX Bike Show.

Кошт білетаў, якія сапраўдныя на ўсе дні фестывалю, для дарослых складае 350 тыс. беларускіх рублёў, для дзяцей да 10 гадоў — 150 тыс. рублёў. Продаж білетаў ажыццяўляецца выключна ў офісе агенцтва «Шаблі» ў Мінску па адрасе вуліца Калініна, 22–8.

Прэтэндаваць на білеты могуць толькі тыя, хто папярэдне зарэгістраваўся на падачу дакументаў у пасольстве Літвы ў Беларусі на дату не пазней як 26 ліпеня. Літоўскія візы наведвальнікам фестывалю будуць выдавацца бясплатна па спрошчанай сістэме, якая выключае неабходнасць падаваць даведкі ад работадаўцы ці з месца вучобы, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць плацежаздольнасць просьбіта візы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?