Журналістка мінскай муніцыпальнай газеты «Мінскі кур’ер» рыхтавала артыкул пра новы закон аб рэкламе і папрасіла юрыстку Дар’ю Каткоўскую выступіць у якасці эксперта. Тая пагадзілася, але з умовай: яе інтэрв’ю будзе надрукавана на беларускай мове.

Праз пэўны час журналістка даслала тэкст: цалкам рускамоўны. Каткоўская напісала ліст: чаму артыкул рускамоўны, пра беларускую мову я прасіла ў пачатку інтэрв’ю.

«Журналістка адказвае, што за такі кароткі тэрмін не зможа перакласці тэксту на беларускую (матэрыялу там — адна старонка А4), бо па-беларуску не піша і «для (яе) гэта пэўная складанасць», — апавядае Каткоўская і тлумачыць. — Я лічыла, што для журналіста дзяржаўнага выдання веданне абедзвюх дзяржаўных моваў абавязковае.
Нідзе, акрамя Беларусі, не сустракала такой колькасці няздольных людзей, якія не валодаюць мовай, якая лексічна і граматычна вельмі блізкая да той, на якой яны размаўляюць і пішуць», — іранізуе яна.

Учора Каткоўскай патэлефанаваў намеснік рэдактара «Мінскага кур’ера» Міхаіл Міхайлаў і сказаў, што (Дар'я цытуе) «Публікацыя цэлай паласы на беларускай мове паломіць усё аблічча нашай газеты». Ён заявіў гэта нягледзячы на тое, што ў артыкуле № 17 Канстытуцыі замацавана раўнапраўе абедзвюх дзяржаўных моваў.

«У пасведчанні аб рэгістрацыі «Мінскага кур’ера» ўказаная адна мова: руская, — каментуе сітуацыю намеснік рэдактара Міхаіл Міхайлаў. — У нас рускамоўны чытач, і абіраць, на якой мове друкаваць той ці іншы матэрыял — нашае права.

Пажаданні аўтараў наконт мовы ўлічваюцца толькі ў адным выпадку: калі б газета на падставе дамовы замовіла які-небудзь матэрыял. Тут сітуацыя іншая: мы звярнуліся да яе як да эксперта».

Міхайлаў прызнае, што часам у газеце з’яўляюцца тэксты па-беларуску. «Напрыклад, мы рабілі інтэрв’ю з дырэктарам Коласаўскага музея. Калі гутарка ідзе пра класіка беларускай літаратуры, на якой яшчэ мове мы павінны друкаваць такі матэрыял?
Змагары за беларускую мову часта выкарыстоўваюць яе як нейкую фронду, і ствараюць гэтым дурную рэпутацыю як мове, так і сабе. Я — чалавек, які размаўляе па-руску, і чытаў у арыгіналах і Караткевіча, і Коласа, і Купалу, беларускую мову паважаю і разумею. Але калі размова ідзе пра закон аб рэкламе — тэма дастаткова спецыфічная — чаму мы павінныя змяняць сваю канцэпцыю?»

Спрэчны матэрыял у друк так і не выйшаў і «ўсё аблічча газеты» не паламаў.

Газету «Мінскі кур’ер» выдае гарвыканкам, гэта значыць, яна фінансуецца з падаткаў грамадзян.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?