Жыццё ў сеціве

Што вельмі добра зразумеў яшчэ Джуліян Асанж?

З’явілася пакаленне хлопцаў і дзяўчат 20–25 гадоў, якія жывуць у інтэрнэце, маюць зносіны адно з адным і думаюць, што жывуць у глабальнай прасторы, па-за дзяржавамі. Для іх віртуальны свет — адзіная рэальнасць.

Каб гэта праілюстраваць, дастаткова ўспомніць, чаму Сноўдэн вырашыў пакінуць Ганконг.

Спачатку Сноўдэн абраў Ганконг, таму што, з аднаго боку, гэта частка Кітая, а значыць, ЗША будзе нашмат цяжэй дамагацца яго экстрадыцыі.
З іншага боку, у Ганконгу, былой брытанскай калоніі, захоўваецца традыцыя rule of law, а значыць, незалежны суд. Ён быў гатовы паўстаць перад судом.
Але нешта раптам змянілася, і ён пакінуў Ганконг. Што? Проста ён даведаўся: паводле наяўных правілаў у Ганконгу пры затрыманні адбіраюць камп’ютар.
І ўсё, ён паляцеў у Шарамецьева.
Такія людзі, як Сноўдэн, баяцца не турмы, самае страшнае для іх — страціць камп’ютар. Яны ў ім жывуць.

Праблема ў тым, што з культурнага пункту гледжання гэтае пакаленне абсалютна анархісцкае.

Паняцця абсалютнай лаяльнасці да ўласнай дзяржавы для яго не існуе, і гэта датычыць усіх краін.
У Амерыцы гэта проста больш наглядна, але тое самае было б у Расіі ці Кітаі.
Парадокс у тым, што гэтыя новыя касмапаліты вельмі моцна запатрабаваныя сваімі дзяржавамі. Яны геніяльныя, калі накіроўваюць сваю энергію на распрацоўку праграм.
Калі дзяржава хоча мець лічбавыя тэхналогіі, ствараць кіберпрастору, такія людзі неабходныя. Менавіта ад іх ідуць інавацыі.
Ніякая разведка ў свеце без іх не абыдзецца. Але ніхто не ведае, як імі кіраваць.

Салідарнасць суверэнаў

Уцёкі Сноўдэна паказалі: ёсць людзі, якія забываюць, што жывуць у свеце дзяржаваў, і думаюць, што жывуць у свеце ўзаемазвязаных камп’ютараў.
І хоць, магчыма, шмат каму было прыемна бачыць, як выкрываюць амерыканскае сачэнне, тым самым паказваючы іншым, што трэба быць больш акуратнымі, ні адна дзяржава не хоча рабіць са Сноўдэна героя. Таму што калі гэта адбудзецца, заўтра які-небудзь расійскі хлопец, што працуе ў ФСБ, таксама захоча стаць зоркай. І раскажа пра тое, як працуюць расійскія спецслужбы. Урэшце, не толькі амерыканцы займаюцца татальным сачэннем, проста ў іх гэта лепш атрымліваецца.
У расійскіх, амерыканскіх, кітайскіх спецслужбаў адна і тая ж праблема з гэтым пакаленнем: яго прадстаўнікі патрэбныя, таму што чыноўнік 50 гадоў разабрацца з інтэрнэтам не можа; але іх выпадам патураць нельга.
Калі Сноўдэн стане героем хаця б для аднаго, узнікне мадэль, якая зробіцца пагрозай для ўсіх. Пуцін гэта выдатна разумее. Ён трохі панерваваўся з нагоды падвойных стандартаў амерыканцаў, але не больш за тое. А ці была ў яго іншая магчымасць? Паспрабуйце ўявіць сабе Пуціна, які запрасіў расійскіх праваабаронцаў або заходніх журналістаў і спытаў, ці трэба Расіі даваць Сноўдэну прытулак. Не можаце? І прэзідэнт Пуцін не можа.

Усе гэтыя людзі для яго яшчэ далейшыя, чым амерыканскія разведчыкі, на якіх працаваў Сноўдэн. Вядома, ён, напэўна, хацеў бы даведацца, якія звесткі мае Сноўдэн (і таго напэўна параспытвалі ў Шарамецьеве), але ён сапраўды лічыць: падтрымліваць бяспеку дзяржавы, у тым ліку праз сачэнне, абсалютна нармальна. У гэтым і праблема:

кожны хоча выкарыстоўваць Сноўдэна, але ніхто яму не спачувае, бо ён здрадзіў не толькі сваёй дзяржаве, а ўсім дзяржавам.

Свой, чужы, ці Каму можна гаварыць

Такія людзі ўжо былі ў гісторыі. Калі Ленін, Троцкі жылі ў Лондане і Цюрыху, яны думалі, што належаць да сеткі змагароў за сусветную рэвалюцыю, якая хутка адбудзецца, а нацыянальныя дзяржавы зробяцца перажыткам мінулага.

Аднак ёсць аспекты, якія сённяшнія «людзі з сеціва», як і рэвалюцыянеры мінулага, не заўсёды бяруць у разлік. У Дзень незалежнасці, толькі што адзначаны ў ЗША, праходзілі пратэсты ў абарону Сноўдэна і супраць умяшання спецслужбаў у прыватнае жыццё. Для амерыканцаў, як вядома, паняцце privacy незвычайна важнае. Але мітынгі былі нешматлікія. Чаму?

Калі б Сноўдэн знаходзіўся пад арыштам у ЗША, гатовы быў за свае ідэалы прайсці суд і турму, на вуліцы ў яго падтрымку, можна не сумнявацца, выйшлі б тысячы.
Але ён паляцеў у Ганконг, затым у Расію. І нават тыя амерыканцы, што зусім не ўхваляюць дзеянні свайго ўрада, задумаліся: а раптам ён усё ж працуе на іншую дзяржаву, раптам двайны агент?

Так было б і ў Расіі, калі б рускі чэкіст з’ехаў абараняць сябе ў Амерыку. У гэтым праблема сучасных «рэвалюцыянераў»: у іх няма адчування нацыянальнай лаяльнасці і яны не ведаюць, што ў іншых грамадзян яна ўсё ж ёсць. У гэтым яны нагадваюць афшорных банкіраў.

Парадокс у тым, што гераізм немагчымы па-за нацыянальнай дзяржавай. Тое, што Сноўдэн сказаў свету, было важна не таму, што ніхто не здагадваўся, а таму, што ўсе здагадваліся.

Казаць праўду ў палітыцы — не значыць казаць тое, чаго ніхто не ведае. Гэта значыць сказаць тое, што ўсе ці некаторыя ўжо ведаюць, але баяцца сказаць.
І тут вельмі важная наяўнасць нейкай палітычнай супольнасці. Чалавек, наважыўшыся на адкрыццё праўды, бярэ на сябе пэўную рызыку. Ён ведае, што можа пацярпець, але яго боль, неспакой павінныя быць данесеныя да пэўнай супольнасці людзей і падзеленыя ёю.
І — абавязковая ўмова — чалавек сам павінен быць часткай гэтай супольнасці. У адваротным выпадку людзі могуць не паверыць «чужынцу».
Не таму, што ён няправільна кажа, а таму, што яго не лічаць сваім. І ён гэтых людзей не лічыць сваімі.

Хто і што пра цябе ведае

Трагедыя Сноўдэна — трагедыя ідэі празрыстасці. Такія людзі, як Сноўдэн або Асанж хочуць бачыць дзяржавы і ўрады абсалютна празрыстымі, не падазраючы, што празрыстасць мае адваротны бок. Празрыстая дзяржава — значыць і празрысты індывід.

Калі скандалы на расійскіх парламенцкіх выбарах прывялі да масавага ўсталявання відэакамер на ўчастках для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, назіральнікі віталі гэта: цяпер здзейсніць парушэнне будзе больш складана. Гэта так. Але ўявім сабе: дзе-небудзь у глыбінцы выбаршчык прыходзіць на ўчастак і бачыць камеру. Ён не думае, што яе паставілі для таго, каб ён, грамадзянін, кантраляваў дзяржаву. Ён думае, што яе паставілі, каб яны, улады, ведалі, як галасуе ён сам. І аказваецца, што сітуацыя зусім не адназначная: так, ціск адчувае ўлада, але ціск можа адчуваць і выбаршчык.

Цяпер выкарыстаем утопію сусветнай празрыстасці (або антыўтопію, як каму бачыцца) у дачыненні да вялікіх масіваў інфармацыі. У ходзе выбарчай кампаніі Барака Абамы ў яго штабе працавалі спецыялісты па гэтай тэме. Пра штаты, дзе меркаванне выбаршчыка магло павярнуцца ў любы бок у апошнюю хвіліну, яны ведалі ўсё.
Такіх штатаў у ЗША, як вядома, няшмат, а звычайна гаворка ўвогуле ідзе пра адну-дзве акругі колькасцю 100–200 тыс. чалавек. Менавіта яны могуць вызначыць лёс выбараў прэзідэнта.
Дык вось, гэтыя спецыялісты ведалі пра кожнага зарэгістраванага выбаршчыка: якія фільмы ён глядзіць, якія крамы наведвае. Быў зроблены профіль кожнага, і дадзеныя яны ўзялі не ў разведкі, а ў адкрытых камерцыйных кампаній. Пасля выбараў яны падлічылі, на колькі галасоў памыліліся. На 38 чалавек.
З тысяч, пралічаных абсалютна дакладна.

Яна сапраўды плоская

А як стала магчыма, што былы супрацоўнік амерыканскай разведкі забыў, што жыве ў свеце дзяржаваў? Гэта стала магчыма таму, што інтэрнэт — вялікая бурбалка.
Два чалавекі сядзяць кожны за сваім камп’ютарам і набіраюць у пашукавіку слова «каханне». І кожнаму той жа «Гугл» адкрые розны спіс топ-сайтаў. Бо ў свеце «Гугла» мы робімся закладнікамі сваіх прыхільнасцяў. Гэта адказ прадаўца на запыт купца.
Інтэрнэт не настроены даць табе праўду. Ён настроены даць табе тое, што ты хочаш.

Тое самае здараецца і з супольнасцямі людзей. Яны сустракаюцца ў сеціве, на форумах аднадумцаў, абмяркоўваюць тое, што іх хвалюе, і часта зусім не задумваюцца, што ёсць яшчэ шмат людзей, і яны іншыя.

Да нейкай ступені гэта стала праблемай пратэставых рухаў у свеце.
Так, гэтыя пратэсты — вынік магчымасцяў новых камунікацый. Але ўдзельнікі сяго-таго не заўважылі (і Масква тут — адзін з прыкладаў). Чаму многія людзі апынуліся на вуліцы? Таму што паверылі, што яны — большасць. Так ім здавалася, пакуль яны былі ў інтэрнэце. І яны пачалі думаць, што іх тысячы, мільёны і ў рэальным жыцці, толькі потым убачыўшы, што ёсць і іншыя. Зноў жа таму, што інтэрнэт зроблены так, што ты бачыш тых, каго хочаш бачыць.

Чалавек і камп’ютар або чалавек-камп’ютар

А што ж «новыя рэвалюцыянеры»?

Напэўна, за гэтыя 30 дзён бадзянняў па свеце Сноўдэн адкрыў для сябе, што інтэрнацыяналістам быць не так і проста. Магчыма, 90 гадоў таму Турцыя для Троцкага стала тым жа, што для Сноўдэна — транзітная зона Шарамецьева.
І яму казалі: можна пабыць, але нядоўга. Але куды ехаць? Амерыка прымаць не хацела, Францыя прыняла, але хутка зноў дэпартавала. Урэшце Троцкі апынуўся ў Мексіцы, што, магчыма, усё ж лепш, чым Балівія.
Для новага пакалення «рэвалюцыянераў» «выпадак Сноўдэна» — гэта першы палітычны досвед, і ў меру свайго разумення свету яны будуць на ім вучыцца.
Людзі кшталту Сноўдэна і Асанжа будуць з’яўляцца зноў.
І зноў будуць сутыкацца з дзяржавай, пра існаванне якой яны да гэтага мелі вельмі цьмянае ўяўленне. Як і пра тое, што па-за межамі іх свету ёсць яшчэ іншы.

* * *

Іван Красцеў — балгарскі інтэлектуал, аналітык, старшыня Цэнтра ліберальных стратэгій у Сафіі і пастаянны навуковы супрацоўнік Інстытута гуманітарных навук у Вене.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?