Возера Нарач па-ранейшаму заражана цэркарыёзам, паведаміла загадчыца аддзялення камунальнай гігіены дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» Ірына Жаўняк на прэс-канферэнцыі ў Мінску 10 ліпеня.

«Нарач такая ж, як і ў папярэднія гады: тут ёсць праблема цэркарыёзу», — заявіла Жаўняк. Паводле яе слоў, Нарач з’яўляецца адзіным возерам у краіне, заражаным цэркарыёзам, што звязана «з пакатым спускам у ваду, калі ад берага да вялікай глыбіні вялікая адлегласць». На неглыбокіх месцах вада праграваецца, і адбываецца актывізацыя мікраарганізмаў. Таксама іх развіццю спрыяе разрастанне воднай расліннасці, «праца па выдаленні якой перыядычна праводзіцца».

Паводле слоў спецыяліста, санслужба не абмяжоўвае купанне ў Нарачы ў сувязі з распаўсюджваннем цэркарыёзу. «Гэта не інфекцыйнае, а алергічнае захворванне, якое не абавязкова ўзнікае ў кожнага чалавека.
Таму распаўсюджванне цэркарыёзу не з’яўляецца прычынай для забароны купання з гігіенічнага і эпідэміялагічнага пункта гледжання», — сказала Жаўняк.

Яна адзначыла, што цэркарыёз пераносяць вадаплаўныя птушкі, адным са звёнаў яго перадачы чалавеку з’яўляюцца малюскі. Захворванне ўяўляе сабою алергічную рэакцыю: на целе чалавека з’яўляецца сып, пухіры, ён адчувае слабасць, галавакружэнне. Праз 7–10 дзён гэтыя сімптомы знікаюць — лічынкі ў целе чалавека гінуць. «Захворванне, — растлумачыла спецыяліст, — непрыемнае, звязанае з моцным свербам, у дзяцей у сувязі з недасканалымі адаптацыйнымі механізмамі магчыма павышэнне тэмпературы. Лячэнне праводзіцца з прымяненнем звычайных антыгістамінных прэпаратаў».

Для прадухілення захворвання неабходна, адзначыла Жаўняк, найперш прыняць душ пасля купання ў Нарачы. Паводле яе слоў, большасць пляжаў на возеры ўладкаваны летнімі душамі на беразе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?