Жыхарам Валожынскага раёна Мінскай вобласці з 8 ліпеня «катэгарычна забаронена» ўтрыманне свіней. Забарона дзейнічае на працягу паўгода, паведамілі ў Валожынскім райвыканкаме.

Адпаведнае распараджэнне раённай адміністрацыі размешчана на сценах вясковых магазінаў. Як вынікае з распараджэння, «у сувязі з абвяшчэннем часткі Валожынскага раёна першай пагражальнай зонай па захворванні свіней на афрыканскую чуму» грамадзянам неабходна ў тэрмін да 8 ліпеня 2013 года «правесці зарэз здаровых свіней для асабістага спажывання». Ім абяцана даць магчымасць «здаць лішкі свіней у жывой вазе на мясакамбінаты».

Закуп свіней будзе рабіцца праз сельсаветы паводле заявак, якія неабходна было падаць да 5 ліпеня. У выпадку выяўлення захворвання свіней грамадзянам трэба «ў тэрміновым парадку» звяртацца па ўказаным тэлефоне. Самастойныя меры прымаць забаронена.

«З 8 ліпеня 2013 года ўтрыманне свіней катэгарычна забаронена на працягу шасці месяцаў. У выпадку парушэння патрабаванняў будзеце несці адказнасць згодна з КК РБ арт. 284», — сказана ў распараджэнні.

Артыкул 284 Крымінальнага кодэкса (парушэнне ветэрынарных правіл) прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў або пазбаўлення волі на такі ж тэрмін з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.

У выпадку выяўлення свіней «пры паўторным падворным абыходзе пагалоўе будзе канфіскоўвацца без выплат кампенсацыі», папярэджвае адміністрацыя Валожынскага раёна.

Валожынскі раён мяжуе з Іўеўскім раёнам Гродзенскай вобласці, дзе ў канцы чэрвеня была зарэгістраваная ўспышка захворвання на афрыканскую чуму свіней (АЧС).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?