Дзяржынскі раённы суд (Мінская вобласць) апраўдаў збітага міліцыянерамі Сяргея Хачатурана і спыніў у дачыненні да яго справу па ч. 1 арт. 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (з’яўленне ў нецвярозым выглядзе ў грамадскім месцы). Такое рашэнне суд прыняў яшчэ 20 чэрвеня, паведамляе праваабарончы сайт platformarb.com.

Як раней паведамляла УУС Мінаблвыканкама, у ноч з 17 на 18 сакавіка ў Дзяржынску недалёка ад рэстарана нарад ППСМ затрымаў двух мясцовых жыхароў, якія нібыта былі моцна п’яныя, паводзілі сябе абуральна, а пры затрыманні аказалі супраціўленне і нават нанеслі міліцыянерам цялесныя пашкоджанні.
Аднак пазней на сайце platformarb.com з’явілася гісторыя затрыманых Хачатурана і Ганчара, якая ў многім разыходзілася з версіяй міліцыі. Яны расказалі, што супрацоўнікі ППСМ выставілі прэтэнзіі неабгрунтавана, адмаўлялі ў магчымасці пазваніць, а потым, пры затрыманні, паводле слоў выпадковых сведак, збівалі рукамі, нагамі, дубінкамі ўжо закаваных у наручнікі маладых людзей. Сведкі сцвярджалі, што пры гэтым міліцыянеры паводзілі сябе агрэсіўна, брыдка лаяліся. Хачатуран сказаў, што супрацоўнікі міліцыі зневажалі яго і працягвалі збіваць і ў РАУС.
Адміністрацыйная вытворчасць па ч. 1 арт. 17.3 КоАП у дачыненні да Хачатурана была распачата 18 сакавіка. Пастановай начальніка Дзяржынскага РАУС Святаслава Дарашэвіча 19 сакавіка малады чалавек быў аштрафаваны на 4 базавыя велічыні (400 тыс. рублёў).
Хачатуран абскардзіў гэта рашэнне, і 12 красавіка суддзя Дзяржынскага раённага суда Ірына Бакуновіч адмяніла пастанову Дарашэвіча і адправіла справу на новы разгляд.

6 мая начальнік Дзяржынскага РАУС зноў пастанавіў спагнаць з Хачатурана штраф па аналагічным артыкуле. Суддзя Бакуновіч на судовым пасяджэнні 20 чэрвеня прыняла рашэнне спыніць справу і канчаткова адмяніла пастанову Дарашэвіча.

Як зазначае праваабарончы сайт, суддзя засумнявалася ў праўдзівасці рапартаў міліцыянераў Касцевіча і Клімашэўскага, якія праводзілі затрыманне, а пасля выступалі сведкамі ў судзе.
На падставе паказаных відэаматэрыялаў камеры назірання яна зрабіла выснову, што Хачатуран «паводзіў сябе спакойна і адэкватна, размаўляў з сябрамі, з боку ў бок не хістаўся, быў апрануты чыста», а яго паводзіны «не зневажалі чалавечую годнасць і маральнасць», насуперак сведчанням міліцыянераў.

Прымаючы рашэнне, Бакуновіч звярнула ўвагу на тое, што рапарты Касцевіча і Клімашэўскага «ідэнтычныя і сведчаць пра тое, што яны былі напісаныя імі або пад дыктоўку, або пад капірку, або спісаны адзін у аднаго».

Апрача таго, у маі суддзя Мінскага абласнога суда Анатоль Дабрадзей спыніў справу ў дачыненні да Хачатурана па арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства).

На сёння ў дачыненні да маладога чалавека распачата яшчэ і крымінальная справа па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, звязанае з прымяненнем насілля ці з пагрозай яго прымянення).

Аднак праваабаронцы зазначаюць, што ў святле спынення адміністрацыйных спраў у дачыненні да Хачатурана па крымінальнай справе ён таксама, хутчэй за ўсё, будзе апраўданы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?