Беларускі інтэрнэт абурылі незвычайныя відэасюжэты пра жыццё ліцейнага цэха Мінскага аўтамабільнага завода. Тры ролікі пад агульнай назвай «Хронікі завода» аб суровай працы на адным з найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў Беларусі зняў вясной 2012 года адзін з рабочых цэха Руслан Мірзоеў.
Тады яны з’явіліся ў інтэрнэце, але хутка былі выдаленыя аўтарам пасля скандалу на заводзе.
На кадрах малады чалавек захаваў усё тое, што бачаць кожны дзень у ліцейным цэху МАЗа суровыя беларускія мужчыны: простыя працоўныя бытоўкі, неабсяжную тэрыторыю завода або жахлівую моц ваграначнай печы для плаўкі металу.
Усе гэтыя замалёўкі, якія можна назваць дакументальнымі, суправаджаюцца інтэрв’ю, зробленымі на мяжы фола.

Зрэшты, жыццё ліцейнага цэха для Руслана Мірзоева ўжо ў мінулым. Пасля таго, як рабочы выклаў свае тры ролікі ў інтэрнэт, паследавала і хуткая рэакцыя кіраўніцтва, якое запатрабавала выдаліць відэа, што і было ў выніку зроблена. Цяпер Руслан працуе ў іншым цэху МАЗа, але на днях вырашыў «памянуць» старое і зноў апублікаваў свае сюжэты.

Праўда, кіраўніцтва і гэтым разам хутка зрэагавала на скандальныя ролікі. 11 ліпеня ў Руслана зноў адбылася размова з начальствам.
«Сёння мяне зноў выклікалі ў Службу бяспекі, і я чарговы раз выдаліў гэта відэа з інтэрнэту.
Бо зноў мне абяцаюць вялікія праблемы. Усё, што я ўжо мог зрабіць, — я зрабіў, выдаліў, каб неяк засцерагчы сябе. Але, кажуць, яны зноў ўсплылі на іншых каналах.

Здымаў гэта відэа ў красавіку 2012 года, а потым выклаў яго ў інтэрнэт. Але праз некаторы час пайшло шмат шуміхі з гэтай нагоды. У той час я працягваў працаваць у ліцейным цэху. І мяне папрасілі (кіраўніцтва завода), каб я выдаліў іх з інтэрнэту. Мінулым разам відэа „правісела“ там прыблізна тыдзень, пакуль інфармацыя пра гэта не дайшла да кіраўніцтва завода МАЗ».

«Прасілі выдаліць відэа, бо гэта можа абяцаць вялікія праблемы з законам. Нібыта гэта відэа з паклёпам, і людзі, якія там ўдзельнічалі, могуць напісаць на мяне заяву усё гэта можа абярнуцца мне крымінальным пакараннем.

Наогул нейкіх палітычных матываў, калі здымаў відэа, я не насіў. Проста кожны дзень на працы я сутыкаўся са смешнымі момантамі. Ды і наогул я музычны чалавек, займаюся творчасцю. Вось і вырашыў для разнастайнасці выкінуць у інтэрнэт прышпільныя моманты са свайго месца працы.

Наогул у адным з відэа, інтэрв’ю з завадчанамі я на іх пытанне „дзе гэта будзе?“ адказваў, што гэта будзе ў інтэрнэце і „вы ўсё будзеце папулярнымі“. Ніхто нічога супраць не сказаў,

а наадварот нават прасілі зняць і паказаць, як яны працуюць і ў якіх умовах».

«Карыстальнікі пачалі пісаць тыпу „жэсць“, „я не думаў, што ты працуеш у такіх умовах“. Для некаторых гэта было наогул шокам.

Руслан — чалавек з шматбаковымі захапленнямі. Ён займаецца боксам, піша музыку, у асноўным, хіп-хоп. Гэтаму, праўда, «паспрыяў» не самы лепшы перыяд у яго жыцці.

«У мяне раней былі праблемы з наркотыкамі і алкаголем. Але мне ўдалося спыніць гэта і пачаць здаравець. Два гады я ўжо цвярозы, і стаў вызнаваць духоўныя прынцыпы: здаровы лад жыцця, імкненне да дабрыні, нейкіх станоўчых чалавечых якасцяў. І стаў спрабаваць выказаць гэта ў сваёй творчасці. То бок „ўпісваць“ сваё мінулае негатыўнае і параўноўваць яго з сапраўдным у песнях. І казаць пра тое, што кожны здольны мець лепшае жыццё.

За свае мінулыя дзеянні я адбываў пакаранне ў папраўчай установе. Калісьці я здзейсніў хуліганскія дзеянні ў адносінах да чалавека, а таксама рабаванне. За гэта і адбываў пакаранне. Нядаўна я вызваліўся, часу доўга шукаць новую працу не было, і я пайшоў на завод. Зараз вяду звычайны лад жыцця: у мяне ёсць сям’я і маленькае дзіця. Сям’я-праца-дом».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?