Дванаццаць жыхароў Магілёва накіравалі старшыні грамадскай рады па маральнасці Мікалаю Чаргінцу, генпракурору Аляксандру Канюку і міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму ліст, у якім просяць не дапускаць публічных пагроз гвалту з боку кіраўніка дзяржавы.

Ініцыятарам звароту выступіў мясцовы актывіст незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Аляксей Паўлоўскі.

Пагрозу гвалту аўтары ліста ўгледзелі ў выступленні Аляксандра Лукашэнкі падчас нядаўняга наведвання ім Магілёўскай вобласці. У сюжэце, паказаным па беларускіх цэнтральных тэлеканалах 8 ліпеня, кіраўнік дзяржавы, закранаючы тэму вытворчасці кормаўборачнай тэхнікі, заявіў, што «зніме галаву» службовым асобам, калі выпушчаная тэхніка будзе няякаснай.

«Гэты рэпартаж бачылі па БТ не толькі дарослыя, але і дзеці. І ў свядомасці дзяцей, маладога пакалення, членаў БРСМ пагрозы жудаснай расправы — „адарваць галаву“ падпарадкаваным міністрам — з боку гаранта правоў і законнасці маладой незалежнай дзяржавы асацыюецца з фільмамі жахаў», — гаворыцца ў лісце.

Яго аўтары просяць кіраўніка грамадскай рады па маральнасці, які з`яўляецца старшынёй камісіі па правах чалавека і СМІ Палаты прадстаўнікоў, а таксама генпракурора і міністра інфармацыі «не дапускаць у СМІ паказ і публікацыю выказванняў кіраўніка дзяржавы, якія могуць негатыўна адбіцца на псіхіцы дзяцей, а таксама дыскрэдытаваць нашу сінявокую Беларусь у вачах сусветнай супольнасці».

У лісце гаворыцца пра неабходнасць абмеркаваць такія выказванні на спецыяльных слуханнях у Палаце прадстаўнікоў, а таксама абавязаць прэзідэнта Беларусі прынесці публічныя прабачэнні ў СМІ «зняважаным міністрам, дзецям і тэлегледачам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?