Колькасны склад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ) за пяць гадоў існавання ўзрос з 30 да 430 тысяч чалавек. Пра гэта паведаміў першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Леанід Кавалёў на прэс‑канферэнцыі 4 верасня ў Мінску, што была прысвечана пяцігоддзю з дня ўтварэння арганізацыі.

Л.Кавалёў нагадаў, што БРСМ быў створаны ў верасні 2002 года шляхам аб’яднання Беларускага патрыятычнага саюза моладзі і Беларускага саюза моладзі. Першапачаткова колькасць членаў БРСМ складала прыблізна 30 тыс. чалавек.

Цяпер прыкладна 70% членаў арганізацыі — гэта студэнты і школьнікі. «Прыемна, што моладзь паверыла арганізацыі, пайшла за намі, — сказаў Л.Кавалёў. — Ніякім адміністрайцыйным рэсурсам, за што нас лаялі, або іншымі метадамі сёння нельга прымусіць маладога чалавека ўступіць у тую ці іншую аргнізацыю без яго жадання».

«Асноўную мэту — мабілізацыя маладзёжнай ініцыятывы на карысць беларускага грамадства — мы выканалі», — заявіў Л.Кавалёў. Паводле яго слоў, «БРСМ робіць акцэнт на канкрэтныя справы, акцыі, на вынік».

Так, на сёння адным з асноўных напрамкаў дзейнасці арганізацыі з’яўляецца працаўладкаванне моладзі. Паводле слоў Л.Кавалёва, за пяць гадоў БРСМ працаўладкавана прыкладна 135 тыс. маладых людзей. З іх 42 тыс. — у гэтым годзе.

Для параўнання ён нагадаў звесткі «найлепшых часоў камсамолу»: «У 80‑я гады XX стагоддзя ў СССР працаўладкоўвалі 38,0‑38,5 тыс. чалавек, але на 1,5 млн. камсамольцаў прыпадала 7,5 тыс. чыноўнікаў маладзёжнай арганізацыі». Як зазначыў Л.Кавалёў, «нагрузка на супрацоўніка БРСМ вышэй у разы», бо ў арганізацыі толькі 780 ставак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?