Навукоўцы адкрылі першы ген росту.

Навукоўцы адкрылі першы з генаў, адказных за рост чалавека. Ген называецца HMGA2 i мае дзьве вэрсіі — высокую і нізкую. Чым больш мы маем копіяў высокага гену, тым мы вышэйшыя. Адна копія дадае нам паўсантымэтры, дзьве — цэлы сантымэтар.

Навукоўцы даўно ўжо ведалі, што рост абумоўлены нашым ДНК, аднак не было вядома, якія гены ўплываюць на вышыню цела. У штотыднёвіку «Nature» міжнародныя аўтары публікацыі пішуць, што генаў росту, верагодна, нашмат болей, бо сам HMGA2 не праясьняе, чаму некаторыя маюць два мэтры росту, а іншыя крыху больш за паўтары.

Навукоўцы спадзяюцца, што адкрыцьцё дапаможа ў барацьбе з хваробамі — рост зьвязаны з многімі генэтычнымі захворваньнямі. Нізкія людзі часьцей маюць праблемы з сэрцам, высокія ж больш часта хварэюць на рак лёгкіх і прастату. З статыстыкаў бачна, што чвэрць белых эўрапейцаў мае «высокую» вэрсію гену, чвэрць — «нізкую». Дасьледаваньне праводзілася на 35 тысячах чалавек.

Аўтары працы ў «Nature» — навукоўцы з Унівэрсытэту Гарварда, Дзіцячай лякарні ў Бостане, Оксфардзкага ўнівэрсытэту i Мэдычнай акадэміі ў брытанскім горадзе Эксэтэр.

wiadomosci.gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0