Рада Адзінай лігі ВТБ сёння ў Казані зацвердзіла фармат, склад удзельнікаў і рэгламент чэмпіянату 2013/2014, у якім прымуць удзел 20 баскетбольных клубаў з дзевяці еўрапейскіх краін.

Баскетбалісты «Цмокаў-Мiнск» на першым этапе спаборніцтваў выступяць у групе В, дзе іх супернікамі будуць расійскія каманды «Хімкі», «Чырвоныя Крылы» (Самара), ЦСКА (Масква), «Трыумф» (Люберцы), казахстанская «Астана», латвійскі ВЭФ (Рыга), літоўскі «Няптунас» (Клайпеда), украінскі «Азоўмаш» (Марыупаль). Яшчэ адзін удзельнік гэтай групы вызначыцца ў бліжэйшы час, замяніўшы літоўскі «Жальгірыс» (Каўнас), які афіцыйна адмовіўся ад выступу ў лізе ВТБ.

У групу, А ўвайшлі расійскія клубы «Спартак» (Санкт-Пецярбург), «Енісей» (Краснаярск), Унікс (Казань), «Лакаматыў-Кубань» (Краснадар), «Ніжні Ноўгарад», эстонскі «Калеў» (Талін), літоўскі «Летувас Рытас (Вільня), польскі «Тураў», украінскі «Данецк» і чэшскі «Німбурк».

Фармат турніру ў новым чэмпіянаце не зменіцца — пасля завяршэння двухколавага турніру ў групах 12 клубаў выйдуць у плэй-оф.
Пераможцы груп наўпрост трапяць у чвэрцьфінал, а каманды, якія занялі 3-6-е месцы, згуляюць у 1/8 фіналу. Рэгулярны чэмпіянат стартуе ў кастрычніку 2013 года, а фінішуе ў сакавіку 2014-га. Матчы плэй-оф пройдуць у траўні-чэрвені.

Прэзідэнт Адзінай лігі ВТБ Сяргей Іваноў паведаміў, што ў гэтым сезоне чарговы раз павялічыўся бюджэт лігі. 40 млн. расійскіх рублёў будуць размеркаваны паміж клубамі ўжо на старце турніру, а яшчэ 100 млн. складуць прызавы фонд.

Цяперашні сезон будзе шостым па ліку, а «Цмокi-Мiнск» чацвёрты раз выступіць у Адзінай лізе ВТБ. Мінчанам яшчэ ні разу не ўдавалася прабіцца ў лік удзельнікаў плэй-оф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?