Сёлета плошча лясных пажараў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам скарацілася амаль у 5 разоў, а іх колькасць — у 2,5 разу, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

«Дзякуючы правільнаму прагназаванню, своечасоваму выяўленню і хуткай ліквідацыі ачагоў узгарання плошча лясных пажараў скарачаецца штогод. Змяншаецца і сярэдняя плошча пажару», — зазначылі ў ведамстве. Па стане на 10 ліпеня ў лясах Мінлясгаса адбылося 111 пажараў на агульнай плошчы 16,2 га. За аналагічны перыяд 2012 года здарыліся 280 лясных пажараў на агульнай плошчы 75,7 га.

Для прадухілення, выяўлення і ліквідацыі лясных пажараў у сістэме Мінлясгаса функцыянуе дзяржаўная лясная ахова агульнай колькасцю 14 тыс. чалавек, з іх леснікоў — 9,5 тыс. чалавек.

Для тушэння пажараў у дзяржаўных лесагаспадарчых установах створаны 242 пажарна-хімічныя станцыі (ПХС), 650 пунктаў супрацьпажарнага інвентару (СПІ), якія аснашчаны неабходнымі сродкамі пажаратушэння. Усе ПХС аснашчаны пажарнымі машынамі, якіх налічваецца 445, а таксама прычапнымі цыстэрнамі і ёмістасцямі, лесапажарнымі модулямі, вогнетушыльным сродкам «Метафасіл» і іншым інвентаром.

Сістэма наземнага выяўлення лясных пажараў налічвае 469 пажарна-назіральных вышак і 19 мачт,
больш за 160 з якіх абсталяваныя сістэмамі відэаназірання для ранняга выяўлення лясных пажараў і маніторынгу прылеглай тэрыторыі ляснога фонду.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?