Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 15 ліпеня падаў у Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне 29 ліпеня ў сталіцы пікета супраць размяшчэння ў Беларусі расійскай ваеннай базы. Як паведамляе прэс-служба Партыі БНФ, пікет будзе прымеркаваны да гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі (27 ліпеня).

Месцам правядзення пікета плануецца пляцоўка насупраць пасольства Расіі ў Беларусі.

«Партыя БНФ выступае супраць імперскай і неакаланіяльнай палітыкі, якую Крэмль спрабуе весці на постсавецкай прасторы, у першую чаргу, у дачыненні да нашай краіны, — цытуе прэс-служба Янукевіча. — Расія ўжо перайшла да адкрытых дзеянняў, накіраваных на ператварэнне Беларусі ў буферную зону па абароне сваіх інтарэсаў. Мы лічым абсалютна недапушчальным размяшчэнне ў Беларусі расійскіх авіяцыйных баз, а таксама патрабуем вываду з тэрыторыі нашай краіны ўжо размешчаных ваенных аб’ектаў: Ганцавіцкай РЛС і Вілейскай базы сувязі».

На думку Янукевіча, размяшчэнне на тэрыторыі краіны расійскіх ваенных баз і аб’ектаў супярэчыць нацыянальным інтарэсам і Канстытуцыі Беларусі, а таксама ставіць пад пагрозу бяспеку кожнага беларуса.

Адказ Мінгарвыканкама на заяўку на правядзенне пікета павінен быць дадзены да 24 ліпеня, удакладняе прэс-служба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?