Маладзёжная драма «Вышэй за неба» Андрэя Курэйчыка і Дзмітрыя Марыніна ўвайшла ў праграму лепшых фільмаў СНД 2012–2013 гадоў на фестывалі «Залаты абрыкос» у Арменіі. Як паведамляе прэс-служба Курэйчыка, 10-ы міжнародны кінафестываль «Залаты абрыкос» прайшоў у Ерэване 7–13 ліпеня і стаў найбуйнейшым форумам кінамастацтва ў рэгіёне Закаўказзя і Сярэдняй Азіі.

На юбілейны фестываль прыехалі кіназоркі сусветнага маштабу: Шарль Азнавур, Сяргей Лазніца, Кшыштаф Занусі, Ульрых Зайдль, Іштван Саба, прадстаўнікі Канскага, Маскоўскага, Сафійскага, Гамбургскага кінафестываляў, больш як 400 міжнародных гасцей.

Адборшчыкі фестывалю і армянскія крытыкі адзначылі адмысловае месца фільма «Вышэй за неба» ў развіцці сучаснага беларускага кінематографа. Паказы стужкі прайшлі ў галоўнай зале фестывалю ў Ерэване і ў Гюмры. «Крытыкі, якія прэзентавалі фільм, асобна адзначылі яго гуманістычную скіраванасць і псіхалагічную праўдзівасць, прафілактычную місію, асобнага згадвання ўдастоены саўндтрэк фільма, напісаны кампазітарам Дзмітрыем Фрыгам і беларускімі гуртамі Аkute, Vinsent, «Ляпіс Трубяцкой» і «НРМ», — адзначаецца ў паведамленні.

«Бачна, што „Вышэй за неба“ — гэта твар новага беларускага кінематографа для навакольнага свету. Аналагаў проста няма. Усіх цікавіць, што такое Беларусь сёння, — а ў нашым фільме ўдалося паказаць гэта шчыра, бескампрамісна, але нетэндэнцыйна», — сказаў рэжысёр фільма Дзмітрый Марынін.

Маладзёжная драма пра жыццё беларускіх музыкантаў стала адзіным беларускім фільмам, адабраным для «Залатога абрыкоса».

На думку Курэйчыка, «Вышэй за неба» мог бы быць прэзентаваны на міжнароднай арэне значна шырэй. «Цікавасць да фільма велізарная, — адзначыў ён. — На жаль, гэта не заўсёды магчыма. Фільм застаецца забароненым, нягледзячы на яўную шкоду і для прафілактыкі ВІЧ, і для іміджу ПРААН і Беларусі».

«Залаты абрыкос» стаў ужо пятым фестывалем для «Вышэй за неба». Да гэтага карціну паказвалі на міжнароднай прэміі «Знята» ў Маскве, польска-беларускім фестывалі «Бульбамуві», First Time Fest у Нью-Ёрку, Фестывалі фільмаў Усходняй Еўропы ў Катовіцэ. Акрамя гэтага, спецыяльныя паказы фільма адбыліся ў Маскве, Вільнюсе, Мінску, Краснадары.

Нагадаем, «Вышэй за неба» павінен быў стаць першым беларускім маладзёжным серыялам, але з-за канфлікту паміж чыноўнікамі Праграмы развіцця ААН у Беларусі і творчым калектывам з’явілася толькі аўтарская поўнаметражная версія. У чэрвені 2012 года ў офісе ПРААН прайшоў прэс-паказ першага эпізоду серыяла, але абяцаная чыноўнікамі прэм’ера так і не адбылася.

Поўнаметражная версія выйшла ў інтэрнэце і сабрала больш як 300 тысяч спампоўванняў і праглядаў. «Вышэй за неба» быў прызнаны найлепшым беларускім фільмам 2012 года паводле версіі партала «Кинопоиск».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?