Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі «застаецца сумнай і выклікае асцярогі». Пра гэта гаворыцца ў справаздачы, якую дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента (ЕП) па Беларусі Юстас Палецкіс падрыхтаваў для Савета ЕС, Еўракамісіі і Службы знешніх дзеянняў.

9 ліпеня камітэт па замежных справах ЕП ухваліў даклад у другім чытанні пасля таго, як у дакумент было ўнесена каля 300 паправак. Сёння тэкст ухваленага дакумента апублікаваны на сайце Еўрапарламента.

Нагадаем, прадстаўленне камітэту даклада па Беларусі ў першым чытанні ў канцы мая выклікала вялікі грамадскі рэзананс.

Першапачаткова ў дакуменце адзначалася паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2012 годзе, што выклікала абурэнне беларускай апазіцыі і праваабаронцаў. У адказ на абвінавачанні аўтар даклада Юстас Палецкіс сцвярджаў, што такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі беларускіх праваабаронцаў.

У выніковым варыянце даклада гаворыцца: «Нягледзячы на змяншэнне ў абсалютных лічбах палітычна матываваных арыштаў (паводле даных праваабарончага цэнтра „Вясна“ з 868 у 2011 годзе да 235 у 2012 годзе), захоўваецца атмасфера рэпрэсій і запалохвання».

У дакуменце таксама зазначаецца, што маючы адбыцца ў лістападзе ў Вільні саміт Усходняга партнёрства «можа стаць важнай магчымасцю для паляпшэння адносін паміж Беларуссю і ЕС пры ўмове, што беларускія ўлады вызваляць і рэабілітуюць усіх палітвязняў,

а ў палітычны дыялог паміж Мінскам і Бруселем, які магчымы пры выкананні вышэйзгаданай умовы, павінны быць уцягнутыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі Беларусі.

У сваю чаргу апазіцыі, як зазначаецца ў дакладзе, неабходна працаваць над стварэннем агульнай стратэгіі і плана дзеянняў. Стварэнню такой стратэгіі садзейнічалі б канкрэтныя меры — такія, напрыклад, як агульны спіс кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах 2014 года, агульная палітычная праграма, вылучэнне адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.

Еўракамісіі, Вярхоўнаму прадстаўніку ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі, Савету ЕС і дзяржавам — членам ЕС еўрапарламентарыі рэкамендуюць заклікаць беларускія ўлады паважаць правы чалавека і рухацца ў кірунку дэмакратычных рэформ, каб спыніць самаізаляцыю краіны ад Еўропы.

ЕС таксама павінен яшчэ раз ясна акрэсліць: перадумовай якога-небудзць прагрэсу, які мог бы прывесці да зняцця санкцый і разблакіроўкі двухбаковых адносін, з’яўляецца безумоўнае і неадкладнае вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітзняволеных, падкрэсліваецца ў дакладзе.

Еўрапарламент таксама мяркуе, што Расію і краіны Усходняга партнёрства варта запэўніць заклікаць Беларусь неадкладна вызваліць палітзняволеных.

ЕС, гаворыцца ў дакладзе, павінен „з найбольшай карысцю выкарыстаць часовае прыпыненне візавых санкцый у дачыненні да міністра замежных спраў Беларусі як дыпламатычнага канала сувязі,
і яго магчымы ўдзел у саміце Усходняга партнёрства найперш для таго, каб садзейнічаць вырашэнню пытання аб палітзняволеных“.

Пры гэтым у дачыненні да іншых чыноўнікаў, „адказных за парушэнні дэмакратычных выбарчых стандартаў і правоў чалавека“, санкцыі адмяняцца не павінны», мяркуюць у Еўрапарламенце.

ЕС таксама павінен «заахвочваць дыялог з тымі чыноўнікамі, якія не былі персанальна ўцягнутыя ў рэпрэсіі, для таго, каб садзейнічаць развіццю беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва, а таксама іх узаемадзеянню з беларускай грамадзянскай супольнасцю, каб у выніку аблегчыць правядзенне рэформ».

У справаздачы гаворыцца і пра тое, што Беларусь павінна выканаць усе рэкамендацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, зняць любыя абмежаванні на ажыццяўленне права на свабоду сходаў, выказванняў, мірных сходаў, слова для прадстаўнікоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і няўрадавых арганізацый, у тым ліку ліквідаваць любыя перашкоды па рэгістрацыі НДА.

Апрача таго, зазначаецца ў дакладзе, у Беларусі неабходна правесці рэформы, якія гарантавалі б незалежнасць судовай сістэмы, не прыводзіць у выкананне вынесеныя ў 2013 годзе смяротныя прыгаворы і ўвесці мараторый на смяротную кару.

ЕС рэкамендавана ў аднабаковым парадку спрасціць парадак выдачы віз для беларусаў і знізіць іх кошт з 60 еўра да ўзроўню, прымальнага для беларускіх грамадзян, а таксама ў поўнай меры выкарыстаць магчымасці для выдачы бясплатных віз, якія дае Візавы кодэкс ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?