Былы кіраўнік ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» Ларан Арыніч адпушчаны італьянскай паліцыяй з-пад варты. Паводле звестак БелаПАН, гэта адбылося каля двух тыдняў таму.

Нагадаем, Арыніч знаходзіўся ў міжнародным вышуку як абвінавачаны па крымінальнай справе, якая была распачата пасля пажару 25 кастрычніка 2010 года ў цэху па вытворчасці драўнянастружкавых пліт СТАА «Пінскдрэў-ДСП» ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў». У выніку пажару 14 работнікаў прадпрыемства загінулі, 22 — атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

20 ліпеня 2011 года тагачасны генпракурор Рыгор Васілевіч паведаміў журналістам, што Арыніч знаходзіцца ў Польшчы. «У вышук не аб’яўляўся, бо пакуль няма звестак, што ён ухіляецца ад яўкі (па выкліку следчых органаў. — БелаПАН.)», — сказаў Васілевіч. Аднак 22 верасня таго ж года была вынесена пастанова аб прымяненні ў дачыненні да Арыніча меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, а 20 кастрычніка яго абвясцілі ў вышук.

Арыніча выявілі ў Польшчы ў жніўні 2012 года. Тады ж польскаму боку Генпракуратура Беларусі накіравала патрабаванне аб яго выдачы. «Першапачаткова польскім судом была абрана такая мера працэсуальнага прымусу, як нагляд паліцыі і забарона пакідаць тэрыторыю Польшчы. Пасля гэтага там, відаць, палічылі, што гэта занадта строгая мера, і нагляд паліцыі быў заменены на дамашні арышт пад залог 2.000 злотых. На наша патрабаванне польскі бок так і не адказаў», — сказаў журналістам 25 чэрвеня намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук. Ён праінфармаваў, што Ларан Арыніч 16 чэрвеня быў затрыманы на тэрыторыі Італіі, у камуне Іза, і змешчаны пад варту.

У канцы мінулага тыдня Генеральная пракуратура Беларусі накіравала для разгляду ў кампетэнтныя органы Італіі запыт Следчага камітэта аб выдачы Арыніча.

Як паведамілі БелаПАН у праваахоўных органах, двухбаковых дамоўленасцяў аб выдачы паміж Беларуссю і Італіяй не існуе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?