І вось уявіце сабе: вечар, дасканалая па дызайне веранда, за ёй, праз шкло — акварыум інтэр’ера з манернымі лонданскімі ліхтарамі, зялёнымі скуранымі фатэлямі a la Irish pub, чырвонымі тэлефонамі-аўтаматамі.

На першым плане, на верандзе, на тле ўсёй гэтай дызайнерскай «кілбасы», сядзяць два раззлаваныя дзядзькі, па выглядзе бачна — былыя «каралі раёна». На стале ў іх — лафітнічак з водкай, з закусі — па шклянцы таматнага соку. Адзін аднаму кажа: «А тут жа раней такі кабак быў»! Другі ківае і замахвае чарку, як на хаўтурах, па нябожчыку. Трагедыя ў пацаноў. Кабак закрылі.

І раптам да мяне даходзіць: вось гэтую маднявую кавярню ну ніяк не назавеш «кабаком». А смуродную ўстанову, што была тут дагэтуль, якраз назваць было б можна. І што слова «кабак» праз глабалізацыю, якая не ёсць гуд, хутка вымыецца з нашай мовы. Што, здаецца, якраз ёсць гуд.

Разам са словам «кабак» вымыецца і ўжо вымылася шмат чаго цікавага. Зразумець сэнс гэтых словаў хутка будзе гэтак жа складана, як сэнс словаў «дэбаркадэр» (плывучая прыстань на рацэ), «каксагіз» (расліна), ці «даба» (танная баваўняная тканіна).

Зафіксуем жа гэтыя словы для музея памерлых моўных выразаў, які абавязкова трэба стварыць на прасторах сеціва.

Адно што дамовімся: не будзем турбаваць памерлыя душы тых слоў, што пайшлі праз тэхнічны прагрэс, які ёсць з’явай аб’ектыўнай і да мовы і нашага грамадства ніякага дачынення не мае. У гэтым сэнсе «пэйджар» не меў ніякіх шанцаў, гэтаксама хутка здохне і слова «лэптоп», выціснуты «планшэтамі». Дык давайце памянём канцэпты, паняцці, выцесненыя працэсамі ў грамадстве — танюткімі, напаўзаўважнымі зменамі ў культуры!

Ну, вось, першае, што прыходзіць у галаву — пярсцёнак-пячатка. Гэта быў знак статуса, які праз сучасную змену стаўлення да «ювеліркі» ператварыўся ў знак антыстатуса. Старажытны выраб з багатымі шляхецкімі каранямі, у савецкія часы пярсцёнак-пячатка набыў новае гучанне: залатыя «пячаткі» насілі заўмагі і іншыя «салідныя мужчыны». Дарэчы, разам з «пячаткаю» пайшлі з моды «залатыя зубы» ды «норкавыя шапкі». Так-так, нашчадкі, што чытаюць гэты тэкст у 2100 годзе! Некалі ў Беларусі выраблялі каронкі з золата, і гэта лічылася вяршыняй прыгажосці!

А памятаеце шафы-горкі? Іх дагэтуль можна сустрэць у сіх-тых постсавецкіх інтэр’ерах: зробленыя са шпанаванага ДВП, яны ўмяшчалі святочны посуд і крышталь, з якога можна было піць на Новы год савецкае шампанскае. Не піць жа з крышталю кефір за вячэрай — такая была логіка. Дзеля таго, каб выставіць напаказ усяго толькі урачыстыя талеркі, пакоі невялічкіх савецкіх кватэр загрувашчваліся вялізарнымі шафінамі — такі быў час. Кажуць, мода пайшла з Усходняй Германіі, але хутка прыжылася, бо цалкам адпавядала савецкай сутнасці.

А вось мілая рэч з тых часоў — турка ці, як яшчэ казалі, джэзва. У той час, як на Захадзе развівалі індустрыю кухонных эспрэса-машын, у нас варылі каву ў медзяных турачках. Караткевіч, згодна з апокрыфам, перад тым як ставіць каву на агонь, раскусваў адно зярнятка зубамі і кідаў у джэзву. Глабалізацыя цалкам выціснула туркі з кавярняў (бадай, апошнюю можна пабачыць у «Валерыі» на Валадарскага), павольна выціскае іх і з кухняў. Я ўжо некалькі гадоў карыстаюся італьянскай гейзернай Vigano.

Страціла ўласную прыцягальнасць азначэнне «імпартны». Раней гэтым словам апісвалася ўсё добрае, што ёсць на гэтай зямлі. А цяпер у нас усё імпартнае.

Яшчэ адно слова-мара з сівой мінуўшчыны — «іншамарка». Некалі на ўзроўні канатацыі яно азначала белы «мерсэдэс» з эфектнай бландзінкай на капоце, нават калі на ўзроўні дэнатацыі размова ішла пра дваццацігадовую «бэху». Цяпер усе нашыя тачкі — іншамаркі.

А памятаеце, памятаеце такога звера, як «касуха»? У Вудстаку хіпі насілі баваўняныя свабодныя кашулі, у суворай Беларусі слова «хіпі» чамусьці асацыявалася з «валасатым» у «касусе». «Касухі» таксама цягалі «любера», «рокеры» ды іншы люд. «Касуха» знікла разам з паняццем вікцімных «валасатых», бо сучасныя валасатыя (напрыклад, new-панкеры) ахвотна насуюць у рожу любому «лысаму», якому хопіць глупства прычапіцца да іх «праз валасы».

Гуд бай, «чабурэкі» (у Мінску засталася адзіная «Чабурэчная» на Валадарскага)!

Вось яшчэ адно паняцце, якое трэба будзе хутка тлумачыць — інтым (які не прапаноўваць). Яно паходзіць з тае цнатлівае пары, калі СССР, дзе сэксу не было, ужо знік, а капіталістычных механізмаў працаўладкавання яшчэ не наладзілася. У газетах прыватных аб’яваў можна было часцяком пабачыць: «Маладая дзевушка без адукацыі ішчэ работу. Інтым не прапаноўваць». З цягам часу «інтым» зрабіўся моцным неалагізмам, якім працялася ўся рэальнасць 90-х. З’явіліся «крамы інтыму», «паслугі інтыму». Мне здаецца, у гэтага слова быў шанец выціснуць бяздушнае англамоўнае «сэкс», але дзіцячая наіўнасць «інтым» спасавала.

Пайшло ў мінулае слова «круты». Цяпер усе аднолькава «крутыя». Сітуацыю, калі падразаеш джып, а адтуль высоўваецца пацык са ствалом, устаўляе ў пісталет абойму і з абаяльнай усмешкай «цэліць» табе ў галаву (рэальны выпадак, Партызанскі праспект, пачатак 2000-х), ужо нават не ўявіць. Апісваць маёнткі на ўзбярэжжы Цны ці ў Тарасаве словам «круты» — значыць, прыніжаць іх уладальнікаў да ўзроўню людзей, што накралі крэдытаў і дамовіліся з бандытамі, што «дахуюць» банк, каб іх не чапалі. Схема «ўсіх пастраляць» засталася ў мінулым, а разам з гэтай схемай — слова «разборка», бо нават класічныя «разборкі» ды рэйдарскія захопы буйной маёмасці ладзяцца ў нас выключна ў межах «прававога поля», якое для такіх выпадкаў проста бязмежна пашыраецца.

Не перакрочыла мяжы 2000-х савецкае слова «блат». Цяпер яго замяніла слова «сувязі». У савецкага беларуса цётка магла працаваць у прыёмнай камісіі вуза і гэта забяспечвала паступленне «па блаце». Цяпер з цёткай у прыёмнай камісіі вуза даможашся хіба што прыёму твайго паліто ва ўніверсітэцкім гардэробе без чаргі.

Сыходзіць выраз «накрыць паляну». У сучасных сеціўных кавярнях гэта проста немагчыма — «накрыць паляну»: побач будуць сядзець абыякавыя кліенты ды сцябацца з дзівакоў, што балююць за той «палянай».

Мова — жывая стыхія. Галоўнае, каб разам з гэтымі «перажыткамі», разам з незаўважнымі, танюткімі зменамі ў культуры не пайшлі ад нас такія словы, як «шчырасць», «дабрыня», «чалавечнасць» і, напрыклад, «шчасце».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?