Сёньня ў Горадні даў прэсавую канфэрэнцыю Генэральны консул Польшчы Анджэй Крэнтоўскі. У ёй удзельнічалі ягоны намесьнік Януш Дамброўскі й прадстаўнік амбасады ў Менску Мар’ян Семаковіч. Прэс-канфэрэнцыя адбылася з нагоды інцыдэнту на КПП «Брузгі» ў панядзелак, калі дыпляматаў Крэнтоўскага й Дамброўскага каля сутак не выпускалі з памежнай зоны.

Невядомыя людзі ў цывільным дамагаліся агляду прыватнай машыны сп. Дамброўскага, якая мела дыпляматычны нумар. Генэральны консул заявіў: на ягоную думку, так дзейнічала КДБ.

Ён таксама падкрэсьліў, што за апошнія дні гэта – ня першая спроба агледзець машыны супрацоўнікаў консульства, у тым ліку, – аўтамабіль з дыпляматычнай поштай.

«Вядомы й іншыя выпадкі, калі беларускія мытнікі патрабавалі агляду машын польскіх дыпляматаў», – зазначыў Мар’ян Семаковіч.

Журналістам паказалі відэаздымку: пасьля інцыдэнту Януш Дамброўскі на польскім баку адчыніў багажнік і паказаў, што нічога недазволенага там не было.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0