Рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў аб прысудзе Аляксею Навальнаму.

«Наша Ніва»: Ці адаб’ецца прысуд Навальнаму неяк на сітуацыі ўнутры Беларусі? Ці стане гэта штуршком для новых рэпрэсій супраць апазіцыі і незалежнага грамадства?

Валерый Булгакаў:

Тыя дзеячы, ад якіх сыходзіць небяспека беларускаму рэжыму, павінны сабе зрабіць высновы з таго, што сталася. Іх прыватная актыўнасць кантралюецца спецслужбамі, і нейкія іх рызыкоўныя ініцыятывы могуць стаць падставай для крымінальнага пераследу.

Што тычыцца пазіцыі беларускай улады, то, наадварот, гэты прысуд яна можа выкарыстаць для таго, каб падкрэсліць сваю цяперашнюю памяркоўнасць на фоне палітычных нораваў усходняй суседкі.

Пасаджэнне папулярнага апанента ўладаў у турму па эканамічным артыкуле цяжка назваць нечым новым -- многія ўсходнееўрапейскія аўтарытарныя рэжымы практыкуюць гэта. Лукашэнка заўтра не кінецца пераймаць гэта ў Пуціна. Гэта рабілася і раней.
Хутчэй гэта паказвае, што пабудаваныя ў «саюзнай дзяржаве» палітычныя сістэмы далёкія ад крызісу. Можна садзіць на доўгі тэрмін Навальнага або Статкевіча без небяспекі маштабных пратэстаў. На вялікі жаль, кар’ера сапраўды апазіцыйнага палітыка на гэтым абшары непарыўна звязана з крымінальным пераследам і турмой.

«НН»: Ці мусяць беларусы выказваць сваю салідарнасць з Навальным сёння? Здаецца, сам ён ніколі не выказваўся ў падтрымку беларускіх палітвязняў.

ВБ: Пэўны, што найлепшай салідарнасцю з Навальным былі б не петыцыі і звароты, поўныя спачуванняў у яго адрас і праклёнаў у бок Пуціна, а грамадзянскія і палітычныя ініцыятывы, якія б разнявольвалі грамадства перад абліччам непераборлівых у сродках уладаў.

Пасаджэнне Навальнага ў турму — гэта прыватны выпадак татальнай несвабоды нашых грамадстваў.

«НН»: Ці паўплывае гэты прысуд на далейшыя адносіны паміж Расіяй і Захадам?

ВБ: Сённяшні прысуд не паставіў апошняй кропкі ў справе Навальнага. Нас чакае доўгая чарада апеляцый і судовых баталій. Думаю, справа дойдзе да агульнаеўрапейскіх органаў юстыцыі.

Калі справа сапраўды высмактана з пальца, то прысуд раней ці пазней будзе перагледжаны пад ціскам Захаду. Калі ж не, то, як і ў выпадку з Хадаркоўскім усё звядзецца да рытуальнай рыторыкі заклапочнасці.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?