Расійскі апазіцыянер Аляксей Навальны, асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі па справе «Кіраўлеса» і вызвалены пад падпіску пра нявыезд, вярнуўся ў Маскву.

Цягнік прыбыў на Яраслаўскі вакзал у 09:45 паводле маскоўскага часу. На пероне сабраўся вялікі натоўп прыхільнікаў палітыка — многія з кветкамі і ў футболках з надпісам «Навальны», а таксама журналісты і АМАП.

Раён быў ачэплены паліцыяй, непадалёк ад Камсамольскай плошчы размясціліся дзясяткі паліцэйскіх аўтамашын і аўтазакаў.

Незадоўга да прыбыцця цягніка паліцэйскія па гучнаўзмацняльніках сталі заклікаць людзей пакінуць плошчу перад перонам у мэтах бяспекі: нібыта ў раёне перона знойдзены падазроны прадмет. Пазней было абвешчана, што пагроза выбуху аказалася лжывай.

Аднадумцы Аляксея Навальнага сустрэлі яго апладысментамі і правялі праз «жывы калідор» ад перона да прывакзальнай плошчы, дзе адбыўся стыхійны мітынг.

На ім Аляксей Навальны падзякаваў усім за падтрымку, абвясціў, што будзе ўдзельнічаць у выбарах мэра Масквы, запланаваных на верасень, і заклікаў падтрымаць расійскіх палітвязняў, згадаўшы, у прыватнасці, арыштаваных па «балотнай справе», удзельніц гурту Pussy Riot і Міхаіла Хадаркоўскага.

«Мы ідзём на выбары і мы пераможам!», — заявіў прысутным Аляксей Навальны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?