У межах запланаваных на верасень вучэнняў «Захад» Расія і Беларусь будуць сумесна разыгрываць сцэнарый вайны з Польшчай і НАТО, піша польская газета Rzeczpospolita.

Газета адзначае, што завяршыліся буйнамаштабныя вучэнні расійскай арміі на Далёкім Усходзе, якія выклікалі вялікі рэзананс у прэсе. «Тым часам праверка баявой гатоўнасці ва ўсіх ваенных акругах РФ у беспрэцэдэнтным з савецкіх часоў маштабе працягваецца ўжо шэсць месяцаў. Вучэнні паказваюць, што Расія гатова без папярэдняй доўгай падрыхтоўкі, гэта значыць, практычна непрыкметна для ворага, кінуць у бой авіяцыю, ВДВ, флот ці нанесці ракетны ўдар. Гэта больш чым недвухсэнсоўны сігнал для Польшчы і яе палітыкі бяспекі», — падкрэслівае Rzeczpospolita.

Яна адзначае, што ў вучэннях недалёка ад кітайскай мяжы і японскіх астравоў узялі ўдзел 160 тысяч вайскоўцаў, гэта значыць больш, чым уся польская армія разам з рэзервістамі.
«Масква заяўляла пра абсалютную празрыстасць і супакойвала, што падобная канцэнтрацыя сіл не скіравана супраць якой-небудзь краіны. Аднак арміі не рыхтуюцца да ваенных сутыкненняў з зусім абстрактным сапернікам, яны заўсёды маюць на ўвазе пэўнага ворага», — піша Rzeczpospolita.

Пры гэтым газета падкрэслівае, што, у сваю чаргу, польскія ўзброеныя сілы і саюзнікі па альянсе на вучэннях Seadfast Jazz 2013 пратэсціруюць магчымасці абароны Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі ў выпадку нападу з боку размешчанай на ўсходзе буйной дзяржавы, якая не з’яўляецца членам НАТО.

Rzeczpospolita таксама адзначае, што з польскага пункту гледжання «болей важна звярнуць увагу на „мікраманеўры“, якія Масква праводзіць з лютага гэтага года».
«На іх правяраецца аператыўная гатоўнасць войскаў да неадкладнага ўступлення ва ўзброены канфлікт, — гаворыцца ў артыкуле. — Гэтыя праверкі сталі настолькі інтэнсіўнымі, што віцэ-прэм’ер Дзмітрый Рагозін паведаміў пра неабходнасць вылучыць дадатковыя бюджэтныя сродкі на пастаўку ўзбраенняў. Расія траціць на ваенную сферу ў шэсць разоў больш, чым Польшча, і планамерна ўвасабляе ў жыццё праграму мадэрнізацыі і трансфармацыі сваёй арміі».
Газета канстатуе, што Варшаве варта дзейнічаць аналагічна.
«Тры асноватворныя прыкметы моцнай дзяржавы — эфектыўная эканоміка, паспяховая палітыка і баяздольная армія, — падкрэсліваецца ў артыкуле. — Мы давялі паказчык укладанняў у армію да 1,95% ВУП, аднак пры слабым эканамічным росце рэальныя расходы могуць застацца на месцы, і, хто ведае, ці не з’явіцца ў выпадку пагаршэння сітуацыі спакуса скараціць вайсковыя выдаткі. Тым часам вайсковыя расходы неабходна было б, наадварот, павялічваць. Зрэшты, наўрад ці такія ідэі знойдуць падтрымку ў насельніцтва».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?