Аляксандр Лукашэнка патрабуе павысіць эфектыўнасць дзейнасці рабочай групы па праблемных пытаннях будаўнічай галіны.

Аб гэтым ён заявіў 23 ліпеня, прымаючы з дакладам аб ходзе работы групы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Андрэя Кабякова, старшыню Камітэта дзяржкантролю Аляксандра Якабсона і старшыню Камітэта дзяржбяспекі Валерыя Вакульчыка.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што перад групай была пастаўлена задача вызначыць глыбінныя праблемы будаўнічай галіны і навесці ў ёй парадак.

«Мы дамовіліся: працуем паводле прынцыпу „выявілі праблему і неадкладна яе вырашылі“. Прытым жалезна і жорстка.
Бо гэта праблема ўжо зашкальвае. Насельніцтва вельмі не задаволена, асабліва тыя, хто вядзе будаўніцтва, прад’яўляюць абгрунтаваныя скаргі. Скардзяцца ва ўсе інстанцыі. Гэта ненармальна, недапушчальна ў той час, калі працуе камісія», — сказаў ён.
«Ёсць праблема — бяром яе і вырашаем.
Прытым пачынаючы ад канкрэтнага дома, які не будуецца або будаўніцтва якога пратэрмінавана па віне будаўнікоў або забудоўшчыкаў, і заканчваючы рашэннямі на заканадаўчым узроўні, калі для гэтага ёсць нейкая неабходнасць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Дзейнасць рабочай групы знаходзіцца пад пастаянным кантролем прэзідэнта. «Скажу шчыра, я не вельмі задаволены работай групы. Можа, я памыляюся, не ўсё бачу», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў актывізаваць работу групы, павысіць эфектыўнасць, павялічыць патрабаванні да адказных асоб. «Убачылі ў СМІ які-небудзь зварот групы нашых грамадзян або пачулі аб гэтым — неадкладна праверылі.

Калі нехта не выпраўляе — дадзена каманда праваахоўным органам: кайданкі — і ў камеру. І няхай тады думаюць, як працаваць з народам»,
— сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што маніторынг праблем будаўнічай галіны — гэта толькі пачатак. «І такім чынам пройдземся па ўсёй краіне, па ўсіх праблемных пытаннях, якія хвалююць людзей, пачынаючы з будаўніцтва і завяршаючы цэнаўтварэннем. Мы вымушаны прымаць радыкальныя меры, калі людзі не разумеюць, калі ім проста, зразумела, спакойна гавораць», — падкрэсліў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?