На сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза і Усходняга партнёрства ў Брусэлі беларускі бок выступіў за адмену санкцый ЕС, паведаміў кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв’ю вузкаму колу прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ.

«Мы мяркуем, што адносіны да ўсіх краін Усходняга партнёрства павінны ажыццяўляцца на раўнапраўнай, недыскрымінацыйнай аснове. Мы выразна заявілі пра тое, што санкцыі, якія зараз існуюць з боку Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі, павінны быць адменены, бо яны шкодзяць нашым стасункам і не ідуць на карысць ні Беларусі, ні Еўрапейскаму саюзу», — заявіў Макей, фрагменты інтэрв’ю якога былі паказаны па беларускіх тэлеканалах.

«Мы ясна артыкулявалі тое, што менавіта дыялог, раўнапраўны і паўнавартасны, павінен быць сродкам вырашэння ўсіх існых праблем», — сказаў міністр.

Макей зазначыў, што Беларусь з’яўляецца для Еўрапейскага саюза вельмі важным партнёрам. «Мы забяспечваем бесперабойны транзіт вуглевадародаў у Еўропу, мы забяспечваем бесперабойны транзіт грузаў, мы змагаемся з трансмежавай злачыннасцю, мы змагаемся з гандлем людзьмі на нашых межах, мы змагаемся з міжнародным наркагандлем і многае-многае-многае іншае», — заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

«Для нас, вядома, крышку дзіўна, што шэраг прапаноў па гэтых і іншых кірунках знаходзяцца на стале ў Еўрапейскага саюза і не атрымліваюць належнай рэакцыі, у тым ліку і ў межах праграмы „Усходняе партнёрства“, — сказаў ён. — Тая ідэя інтэграцыі інтэграцый, з якой выступіў наш прэзідэнт нейкі час таму і якая прадугледжвае больш цеснае супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім саюзам і будучым Еўразійскім эканамічным сазам, у перспектыве будзе адназначна запатрабаваная».

Асноўным пытаннем сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕС і УП была падрыхтоўка да лістападаўскага саміту Усходняга партнёрства ў Вільні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?