Прыземленая сацыялка традыцыйна была каньком улады зь ейным быдлаватым слоганам "накарміць народ". Сёньня сацыялка становіцца каронкай апазыцыі.

Яе лідэры абяцалі напоўніць Сацыяльны марш крэатывам. І сапраўды, трэба аддаць належнае правакацыйна-гумарыстычнаму піяру:) Са слоў Анатоля Лябедзькі, улада зь перапуду ўжо падвысіла пэнсіі. А што, калі на тое, дык цалкам пісьменная мэтода: любы станоўчы крок кіроўных вярхоў запісваць у свой актыў — ага, маўляў, спалохаліся, закруціліся як вужы на патэльні! Паколькі ўласных сланоў для раздачы ў апанэнтаў рэжыму няма, то іхні піяр можа быць толькі такім вось — асымэтрычным.

Менавіта на сацыялцы апазыцыйнае кіраўніцтва марыць пашырыць электаральную базу з традыцыйных 20-25% да "болей чым 50%".

Пакінем у баку пытаньне пра рэалістычнасьць паказчыку ў агляднай пэрспэктыве. Але ж загваздка яшчэ і ў тым, што ў нас правілы гульні — гм-гм! — трохі іншыя, чым, напрыклад, у матчы Сарказі — Руаяль ці ў суперніцтве партыяў слана ды асла ў Амэрыцы. Цяжка ўявіць, што апазыцыя ў нас можа перамагчы, умоўна кажучы, зь лікам 51:49. Такіх калькулятарных перамог над аўтарытарнымі рэжымамі не бывае. Сцэнар жа буры ды націску, калі зыход палітычнага двубою вырашае імпэт вуліцы, пакуль што ніяк не вымалёўваецца. Вось тут я трохі паразважаў на гэты конт, адказваючы на пытаньні "Радыё Рацыя".

Што ж да патэнцыялу "буры і націску", раю прачытаць "Алгебру рэвалюцыі" Юр'я Дракахруста. Гуманітараў заклікаю не палохацца формулаў. Выразныя высновы вартыя таго, каб прадрацца цераз алгебраічны гушчар:)

Ну а пакуль што павіншуем тытульную апазыцыю зь першым посьпехам на сацыяльным полі. Пэнсіі, дзякуй богу, падвысілі. Мо' на наступнай палітрадзе варта "адкруціць цэны"? :))

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?