Сёння дэлегаты выказваліся пра хвалюючыя пытанні ў іх асяродках. У пэўнай ступені нечаканым стала выступленне Міхаіла Шупаева з Астаны.
Ад імя беларускай дыяспары Казахстана ён папрасіў дапамагчы ў вяртанні ў Беларусь — распрацаваць адмысловую праграму для гэтага. Ён адзначыў, што прыехаць у наша краіну на пастаяннае жыхарства хоча шмат беларусаў, бо «мы думаем пра будучыню сваіх дзяцей».
Але ёсць і казахстанскія бізнэсоўцы, якія гатовыя інвеставаць у нашу эканоміку грошы ў абмен на беларускае грамадзянства.
Мяркуючы па словах Шупаева, такіх ахвотных не адзінкі, а значна больш.
Шупаеў прасіў аблегчыць працэдуры і тэрмін атрымання грамадзянства, а таксама прызначыць аднаразовую матэрыяльную дапамогу тым, хто вернецца.А для бізнэсоўцаў — падатковую палёгку.
«Беларусы баяцца страціць нацыянальную ідэнтычнасць сярод дамінуючых азіятаў. Гэта пытанне фізічнага выжывання»,
— падсумаваў ён.
«Шкада, што тыя праблемы, якія былі на першым з’ездзе, так і засталіся», — сказала Ніна Савінава з Эстоніі пра ўдзел дзяржавы ў працы з дыяспарай. Прайшло 20 гадоў, а нічога каардынальна не памянялася.
«Нас успрымаць дзяржаве трэба не як тых, хто паехаў за лепшым жыццём, а як тых, хто апынуўся за мяжой і захоўвае беларускасць»,
— гэта пра недавер з боку дыпламатычных служб і цяжкасці ў атрыманні візаў.
Пра візы сказала і Алена Глагоўская з Польшчы. «Пасольскія прадстаўніцтвы дзеляць беларусаў на сваіх і не сваіх, каму можна дапамагаць, а каму нельга». У кастрычніку ёй забаранілі ўезд у Беларусь на навуковую канферэнцыю. А перад гэтай паездкай давялося дзень правесці ў беларускім консульстве ў чаканні візы.
Скептычна наконт вынікаў з’езда выказаліся перакладчык Лявон Баршчэўскі і паэт Сяргей Законнікаў.
«Вынікі нашых рэзалюцый, на жаль, маюць слабы рэзананс», — канстатаваў Баршчэўскі
«Пакуль у дзяржаве не будзе нармальнага ладу (палітычнага, грамадскага), не будзе вырашана ніводная праблема, у тым ліку вашыя (дыяспары) лакальныя праблемы», — адзначыў Законнікаў.
Выступленні дэлегатаў у другі дзень з’езда аказаліся часам дыяметральна супрацьлеглымі.І калі адны казалі пра палітвязняў (дарэчы, сёння Мікалай Статкевіч праз адваката даслаў сваё вітанне), то іншыя гаварылі пра вялікую ролю Лукашэнкі. Камусьці нават не хапала на з’ездзе дзяржаўнага гімна і афіцыйнай сімволікі.
Пасля абеду адбудзецца прыняцце выніковых дакументаў з’езда і выбары кіроўных органаў.
Глядзіце таксама: «Мы розных поглядаў, але нас яднае нашмат большае — мы беларусы»