На выкананне дзяржзаказу па закупцы сельгаспрадукцыі сёлета выдзелена 6,3 трлн. рублёў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 24 ліпеня ў Мінску паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Васіль Паўлоўскі.

Паводле яго слоў, фінансаванне ўборачных работ — адно з надзённых пытанняў. Урадам і Мінсельгасхарчам за апошнія дні прыняты шэраг рашэнняў аб дадатковым выдзяленні грашовых крэдытных рэсурсаў на ўборачную кампанію, нагадаў чыноўнік.

«Агульны кошт дзяржзаказу складае 6,3 трлн. рублёў. Гэта сродкі, якія мы павінны заплаціць сельгасарганізацыям за здачу збожжавых каласавых і зернебабовых, азімага рапсу, цукровых буракоў, піваварнага ячменю, лёну. Плюс па ўказе прэзідэнта выдзелена 3,8 трлн. рублёў на выкуп фуражнага збожжа», — паведаміў намеснік міністра.

У прыватнасці, згодна з указам прэзідэнта 2,9 трлн. рублёў выдзелены для закупкі прадукцыі дэпартаментам па хлебапрадуктах.

На закупку будзе выдзелена каля 1,2 трлн. рублёў уласных сродкаў прадпрыемстваў, яшчэ 1,3 трлн. рублёў дадатковых крэдытных сродкаў будзе неўзабаве выдзелена прадпрыемствам дэпартамента хлебапрадуктаў, каб яны змаглі выкупіць збожжа.

«Мы мяркуем, што вялікіх пытанняў па выдзяленні крэдытаў не павінна быць.

Але ёсць у асобных банкаў пытанні да даўжнікоў, яны працуюць толькі па меры вяртання раней узятых крэдытаў. Мы гарантуем, што па меры ўборкі ўраджаю грошы будуць вернуты і банкі ідуць насустрач», — сказаў Паўлоўскі.

Пры гэтым намеснік міністра зазначыў, што 30% выдзеленых сродкаў будуць накіраваны на закупку паліва. Для ўборачнай кампаніі неабходныя 300 тыс. тон дызельнага паліва і 29,9 тыс. тон бензіну на 3,55 трлн. рублёў. «Паліва на базах у дастатковай колькасці, складзены графік паставак, вызначаны фінансавыя крыніцы. Там, дзе ёсць невялікія адставанні ў фінансаванні, даецца адтэрміноўка ў пяць-восем дзён з гарантыяй вяртання сродкаў», — сказаў намеснік міністра.

«З усталяваннем добрага надвор’я мы гатовы своечасова, якасна і ў поўным аб’ёме правесці ўборачную кампанію», — запэўніў Паўлоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?