Як доўга жыве кніга? 5, 10, 50 гадоў? З Вікіпедыі можна даведацца, што ў Вялікабрытаніі ў 2011 годзе апублікавалі 150 тысяч назваў кніг, а ў Францыі — 42 тысячы. У Расіі ў 2012 годзе — 112 тысяч назваў, а ў Беларусі ў 2009 — амаль 13 тысяч. Незалежна ад таго, якога роду былі гэтыя кнігі, можна з упэўненасцю прагназаваць, што як мінімум 90% з іх ніколі не будуць узноўленыя. Кнігі, якія перавыдаюцца і чытаюцца пакаленнямі штораз новых чытачоў — даволі рэдкія, не раўнуючы чатырохлістая канюшына.

Пераважная большасць кніг мастацкай літаратуры пасля аднаго сезона знікае з чытацкіх даляглядаў або, паводле метафары моднага іспанскага пісьменніка Карласа Луіса Сафона, ідзе спачыць на «могільніку забытых кніжак» (el cementerio de los libros olvidados). Сёння мне захацелася азірнуцца і паглядзець, што засталося ў маёй памяці ад кніжак, якія выйшлі паўстагоддзя таму. Якая тады была літаратура? Ці можа яна быць цікавай яшчэ і сённяшняму чытачу?

Недзе каля 1963 года я толькі пачынаў чытаць, і бацька тады купіў мне першыя мае кніжкі, у кнігарні ў Бельску на Беласточчыне. Мабыць, у той час беларускіх кніжак там не было (як і сёння), а таму бацька купіў тры кніжкі на расійскай мове: «Судьбу человека» М. Шолахава, дзве паэмкі С. Міхалкова пра «дядю Стёпу» пад адной вокладкай і нейкі дэтэктыў пра подзвігі савецкай міліцыі пад назвай «Выстрел в переулке». (Тады ў нашай сям’і само сабой разумелася, што бацьку не магла прыйсці ў галаву і думка, каб купіць выданні на польскай мове.) Дэтэктыва я ніколі не прачытаў і не ведаю, што за міліцыянеры яго напісалі; Шолахава я прачытаў разам з бацькамі ў зімовыя вечары на падляшскім хутары; паэмкі Міхалкова я адолеў з дапамогай маці, завучыўшы пры нагодзе адну з іх на памяць. Гэтых сваіх першых кніжак я не збіраюся перачытваць, але вось тыя, пра якія хачу напісаць ніжэй, можна было б перачытаць. Магчыма, некалі так і зраблю. Усе яны ўпершыню з’явіліся ў 1963 годзе.

1. П’ер Буль, «Планета малпаў» (Pierre Boulle, «La Planète des singes»).


П’ер Буль

Быў час, у ліцэі і ў пачатку ўніверсітэцкіх гадоў, калі я пачытваў навуковую фантастыку, наогул польскую (Станіслаў Лем, Адам Снэрг-Віснеўскі) ды некаторых амерыканцаў у польскіх перакладах. П’ер Буль (1912–1994) — адзін з нешматлікіх аўтараў-фантастаўз-паза абшару польскай і ангельскай моваў, кнігу якога мне захацелася ўзяць у рукі. Хутчэй за ўсё, цікавасць была выкліканая неблагой кінематаграфічнай адаптацыяй гэтага рамана, у якой галоўныя «чалавечыя» ролі выконвалі Чарлтан Гестан і Лінда Гарысан. Потым амерыканцы знялі яшчэ пяць ці шэсць фільмаў «у працяг», але гэтыя карціны ўжо не выклікалі такога ажыятажу, як той першы фільм з 1968 года.

У кнізе Буля — вельмі ўдалая сюжэтная ідэя. На адной далёкай планеце, якая нагадвае Зямлю, чалавечыя істоты пабудавалі высокатэхналагічнае грамадства і зняволілі малпаў дзеля выконвання чорнай працы. З часам людзі сталі штораз больш залежаць ад малпаў, пакуль нарэшце не ператварыліся ў гультаяватых дэгенератаў, супраць якіх малпы збунтаваліся і ўзялі над імі верх. Людзі на той планеце зноў апынуліся ў прымітыўным, паўзвярыным стане. Тыпалагічна падобная ідэя лягла ў аснову сюжэту самага магутнага навуковага-фантастычна фільма апошняга часу — «Матрыцы» — праўда? Чалавек не любіць прызнаваць, што ён, магчыма, не самае дасканалае тварэнне ў ланцугу эвалюцыі. А таму гісторыя, у якой расказваюць пра яго змаганне за вяртанне свайго вярхоўнага статусу, заўсёды можа разлічваць на нашае зацікаўленне.

«Планета малпаў», як я разумею, — літаратурная класіка, прынамсі што тычыцца тае часткі літаратурнага працэсу, якая мае этыкетку «навуковая фантастыка». Нягледзячы на тое, што ў кнізе не згадваюцца ні лэптопы, ні смартфоны, кожны сучасны аматар літаратуры гэткага роду не можа яе абмінуць. Інакш кажучы, кніга П’ера Буля яшчэ не састарэла.

2. Хуліа Картасар, «Гульня ў класы» (Julio Cortázar, «Rayuela»)


Хуліа Картасар

Гэта адна з тых кніг, якія раскручвалі «boom» лацінаамерыканскай літаратуры ў Еўропе ў 1960-х і 1970-х. Хуліа Картасар (1914–1984) належыць да чацвёркі волатаў аргентынскай літаратуры ХХ стагоддзя, побач з Хорхе Луісам Борхесам (1899–1986), Адольфам Біёй Касарэсам (1914–1999) і Эрнэстам Сабатам (1911–2011). А «Гульня ў класы» — ягоная найбольш вядомая кніга, якую тыя, хто здолеў яе прачытаць, наогул лічаць культавай.

Прачытаць «Гульню ў класы» — нялёгкая справа як мінімум з дзвюх прычынаў. У кніжцы няма сюжэту ў традыцыйным яго разуменні. Нічога нідзе не пачынаецца і не канчаецца, калі можна так сказаць. Першая частка кнігі, якая называецца «З таго боку», у мазаічных эпізодах паказвае жыццё аргентынскага інтэлектуала Арасіа Алівейры ў Парыжы недзе ў 1950-х, калі ён сустракаецца з іншымі інтэлектуаламі, абмяркоўвае з імі ўсялякую філасафічна-літаратурную эфемерыю, выпівае, слухае джаз і падтрымлівае любоўную сувязь з Магай, яшчэ адной лацінаамерыканскай эмігранткай. Другая частка, пад назвай «З гэтага боку», паказвае эпізоды жыцця Арасіа пасля яго вяртання ў Буэнас-Айрэс або, лепш сказаць, мазаіку фантасмагорыі, у якую туга па страчанай у Парыжы каханай ператварыла ягонае жыццё. Ёсць яшчэ і трэцяя частка, «З абодвух бакоў» — яна ўяўляе сабою «дадатковыя раздзелы», якія аўтар рэкамендуе або праігнараваць (для традыцыйных чытачоў), або чытаць з раздзеламі першай і другой часткі паводле адмысловага плана, змешчанага на пачатку кнігі (жанр гэтай кнігі можна прыблізна вызначыць як «раман», але абавязкова з дадатковым азначэннем, напрыклад «нетыповы» або «эксперыментальны»). Іначай кажучы, «Гульня ў класы» — гэта як мінімум дзве кнігі, хоць назваць іх рознымі кнігамі язык не паварочваецца. Помню, што я прачытаў «Гульню ў класы» традыцыйна, ад пачатку да канца, не паслухаўшы парады аўтара, каб ісці следам за ягоным ланцужком раздзелаў, які ён паставіў ва ўводзінах да свае кнігі. Магчыма, калі стану яе перачытваць, паспрабую чытаць і «скокам-бокам», як прапануе пісьменнік.

Ды ўсё гэта, мабыць, не так і важна — як чытаць «Гульню ў класы». Па-мойму, можна пачаць чытаць гэтую кнігу ад любога месца, каб пасля ўсяго некалькіх старонак пранікнуцца яе наркатычнай атмасферай і «падсесці» на Картасара дазвання. «Каторы ўжо раз я ўстанавіў фальшывы парадак, які толькі прыкрывае хаос, зрабіў выгляд, што нібыта акунуўся ў глыбіню жыцця, а насамрэч толькі кранаюся наском нагі паверхні яго цёмных водаў», — так Арасіа разважае пра сваё жыццё, у якім ён не знаходзіць ні сапраўднай айчыны, ні сталага занятку, ні трывалага кахання. А пра Магу яму думаецца такое: «А што ў яе ў галаве? Вецер або кукурузныя ласункі, у кожным разе, нешта, што дрэнна засвойваецца. Яе пункт апоры не ў галаве». Ды ўсё ж, як аказваецца, яму, інтэлектуалу, няма ніякага жыцця без «дурнічкі» Магі. «Мая каханая, я тужу па табе, табой баліць мая скура, табой баліць мне горла, я ўдыхаю паветра — і пустка запаўняе мне грудзі, таму што там ужо няма цябе».

«Гульня ў класы» — гісторыя пра жыццё без палітычнага, сацыяльнага ці ідэалагічнага кантэксту. Гэта гісторыя пра жыццё без таго, што мы наогул называем аб’ектыўнай «рэальнасцю» або «рэчаіснасцю». Гэта чыстая літаратура, не абцяжараная ніякімі дадатковымі заданнямі. Таму, як здаецца, яна яшчэ доўга будзе перавыдавацца і чытацца ў розных краінах і розных палітычных і сацыяльных кантэкстах. «Яго кніга — адкрытая правакацыя, як усё на свеце, што хоць нечага вартае», — кажа адзін з персанажаў «Гульні ў класы». Вось менавіта таму.

3. Гюнтэр Грас, «Сабачыя гады» (Günter Grass, «Hundejahre»)


Гюнтэр Грас

«Сабачыя гады» — заключная частка славутай «Гданьскай трылогіі» Гюнтэра Граса (нар. 1927), нямецкага лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1999 года. Дзве ранейшыя кнігі трылогіі — «Бляшаны барабан» (1959) і «Кот і мыш» (1961). Дзве першыя кнігі больш цэльныя кампазіцыйна — аповед у іх вядзецца з гледзішча аднаго апавядальніка. «Сабачыя гады» — эпічнае палатно, якое прадстаўляе нямецкую гісторыю ад заканчэння Першай сусветнай вайны да пачатку 1960-х — падзеленае на тры часткі, і ў кожнай з іх іншы апавядальнік.

Агульна кажучы, кніжка расказвае гісторыю жыцця Вальтэра Матэрна («чыстага арыйца») і Эдварда Амзэля (у якога часткова габрэйская кроў) — двух сяброў, якія нарадзіліся ў вусці Віслы каля Гданьска, на польска-нямецка-кашубскім памежжы. Амзэль ужо ў раннім дзяцінстве праявіў незвычайны талент — ён пачаў праектаваць і вытвараць пудзілы, якімі насяляў навакольныя агароды і палі. Эдвард Амзэль — па-свойму геніяльны мастак, як і Оскар Мацэрат, галоўны герой ды апавядальнік «Бляшанага барабана», які кантактаваў са светам выключна пры дапамозе свайго барабана ды віску, здольнага трушчыць шкло. У часе вайны Амзэль сабраў вялікую колькасць уніформаў штурмавікоў (Штурмавых аддзелаў — ваенізаваных фармаванняў НСДАП) ды пачаў надзяваць іх на свае пудзілы. Яму нават удалося пераканаць Матэрна, які служыў у штурмавіках, каб той пастаўляў яму ўніформы. Але ішла жорсткая вайна, у якой «чыстыя арыйцы» знішчалі габрэяў, і Вальтэр з Эдвардам апынуліся на супрацьлеглых баках барыкады. У нейкі момант Матэрн заявіў уладам аб габрэйскай крыві Амзэля і выбіў яму зубы.

Пасля вайны Матэрн доўгі час дарэмна шукаў Амзэля і, адчуваючы віну за сваё нацысцкае мінулае, помсціў былым нацыстам у Заходняй Германіі, апладняючы іхных жонак і дачок ды пры нагодзе заражаючы іх сваімі венерычнымі хваробамі. У пошуках Амзэля Матэрну неадчэпна спадарожнічаў Прынц, некалі ўлюбёны сабака Гітлера. Матэрн спрабаваў адвязацца ад Прынца і пераехаць у ГДР, але Прынц разам з гуртам пудзілаў дагнаў яго, калі ён ехаў цягніком у Берлін. У Берліне Матэрн нарэшце сустрэў Амзэля, які пасля вайны пад змененым прозвішчам наладзіў індустрыяльную вытворчасць пудзілаў каля Гановера. Колішнія сябры моцна выпілі з нагоды сустрэчы, расказалі адзін аднаму свае пасляваенныя гісторыі і нават падпалілі адну берлінскую піўнушку.

«Сабачыя гады» — не менш гратэскная і глыбокая кніга, чым дзве папярэднія часткі «Гданьскай трылогіі», але адчуванне ў мяне такое, што гэтая таўшчэзная таміна, у адрозненне ад не менш тоўстага «Бляшанага барабана» ды нечакана кароткага рамана «Кот і мыш», будзе чытацца ўжо толькі самымі зацятымі прыхільнікамі нямецкага пісьменніка ды студэнтамі нямецкай філалогіі. «Сабачыя гады» — сюжэтна занадта грувасткая ў параўнанні з папярэднімі часткамі трылогіі, а да таго ёй не пашанцавала стаць матэрыялам для кінаадаптацыі, як пашанцавала «Бляшанаму барабану» ў 1979 годзе, калі з’явіўся знакаміты фільм Фолькера Шлёндарфа пад такім загалоўкам.

4. Джон Ле Карэ, «Шпіён, які прыйшоў з холаду» (John Le Carré, «The Spy Who Came In from the Cold»)


Джон Ле Карэ

Шмат хто, мяне не выключаючы, лічыць гэтую кніжку найлепшым шпіёнскім раманам у сусветнай літаратуры. Я ў дадатак лічу, што Джон Ле Карэ (нар. 1931) — адзін з трох найлепшых англамоўных пісьменнікаў сучаснасці. Я маю на ўвазе пісьменнікаў высокай літаратуры, а не толькі аўтараў шпіёнскіх раманаў або кніжак падобнага кшталту. Гэта сапраўды класны пісьменнік, які ўжо даўно заслужыў нобеля.

Джон Ле Карэ (сапраўднае імя — Дэвід Джон Мур Корнуэл) пра жыццё шпіёнаў ведае не па чутках. У 1950-х і 1960-х ён служыў афіцэрам у брытанскай контрразведцы і разведцы (МІ5 і МІ6). Пасля выдання свайго трэцяга рамана — «Шпіёна, які прыйшоў з холаду» — які стаў міжнародным бэстсэлерам, Ле Карэ пакінуў МІ6 і прысвяціў сваё жыццё выключна літаратурнай творчасці. Сёння ён аўтар звыш 20 паспяховых раманаў, бальшыня з якіх расказвае пра цёмныя механізмы розных сакрэтных службаў і іншых злавесных арганізацый.

Каб хоць збольшага паказаць, на чым палягае адметнасць Ле Карэ ў літаратуры, я не прыдумаў нічога лепшага, як максімальна каротка расказаць незвычайна складаны сюжэт «Шпіёна». Ведаю, што з добрымі шпіёнскімі гісторыямі так не паступаюць, але ў выпадку Ле Карэ гэта, па-мойму, будзе найбольш эфектыўны ход. Ну дык вось…

ГДРаўская разведка, кіраваная некім па прозвішчы Мундт, пералавіла і ліквідавала ўсіх брытанскіх агентаў у Берліне. Шэфа брытанскай рэзідэнтуры ў Берліне, Алека Лімаса, выклікаюць у офіс МІ6 у Лондане, дзе яму даюць апошні шанец рэабілітаваць сябе. У сваёй апошняй місіі Лімас мае перадаць нямецкім камуністам матэрыялы і весткі, з якіх вынікала б, што Мундт — насамрэч падвойны агент, аплачаны брытанцамі (у чым падазрае Мундта ягоны намеснік, Фільдэр), і такім чынам давесці да ліквідацыі Мундта ўласнай спецслужбай.

Лімаса звальняюць з МІ6, ён знаходзіць працу ў нейкай бібліятэцы, пачынае выпіваць і, прынамсі для вонкавых назіральнікаў, саслізгвае ў сацыяльную дэгенерацыю. На гэтым шляху ён сустракае маладую габрэйку, Ліз Голд, сакратара мясцовай ячэйкі брытанскай камуністычнай партыі. Паміж Лімасам і Голд узнікае інтымная сувязь. Перад тым як выканаць найважнейшы крок у сваёй місіі, Лімас папярэджвае Ліз, каб яна яго не шукала, незалежна ад таго, што пра яго пазней пачуе або прачытае. А сваім таварышам у МІ6 Лімас кажа, каб яны ніякім чынам Ліз не чапалі, бо яна тут ні пры чым.

Паводле плана МІ6, за няўдалы напад на краму Лімаса саджаюць у турму. Калі ён з яе выходзіць, на яго ўрэшце выходзіць ГДРаўская выведка. Лімаса забіраюць ва Усходнюю Германію, дзе ён у размовах з разведчыкамі час ад часу дае інфармацыю, якая сведчыць пра тое, што брытанцы аплачваюць свайго падвойнага агента ў Берліне. Нарэшце з Лімасам кантактуе Фільдэр, які шукае доказаў здрады Мундта. Тым часам у Лондане людзі з МІ6 наведваюць Ліз і, бачачы яе сціплыя матэрыяльныя абставіны, прапануюць ёй фінансавую дапамогу.

У доўгіх размовах з Фільдэрам Лімасу адкрываецца, што той — камуністычны ідэаліст, якому важная этыка таго, чым ён займаецца ў жыцці; у той самы час Мундт паўстае перад ім у вобразе брутальнага наёмніка і апартуніста, які да 1945 года быў нацыстам, а потым пайшоў на службу да камуністаў толькі таму, што там былі лютыя антысеміты, як і ён. Лімас набірае пераканання, што дапамога Фільдэру ў ліквідацыі Мундта — гэта маральна добры ўчынак.

На аснове інфармацыі Лімаса камуністы арыштоўваюць Мундта і склікаюць адмысловы трыбунал, у якім галоўным абвінаваўцам выступае Фільдэр. Але адвакат Мундта выклікае сведкам Ліз Голд, якую раней запрасілі ў ГДР нібыта на стыпендыю. Ліз, якая зусім не арыентуецца ў тым, што насамрэч адбываецца, дае паказанні, якія сведчаць пра сувязь Лімаса з брытанскай выведкай. Да Лімаса толькі ў гэтым моманце даходзіць, што яго выслалі ў Берлін, каб насамрэч скампраметаваць і ліквідаваць Фільдэра ды зняць з Мундта, сапраўды брытанскага агента, усе падазрэнні.

Мундт адвозіць Лімаса з Ліз да Берлінскай сцяны, каб яны перайшлі ў Заходні Берлін, але яму цяпер і нявыгадна, і небяспечна, каб гэтая пара апынулася на Захадзе. Калі Лімас пералазіць праз мур на другі бок, усходненямецкія памежнікі нібыта высочваюць гэтае нелегальнае перасячэнне мяжы і расстрэльваюць Ліз, якая чакае сваёй чаргі. Лімас пералазіць назад, на ўсходні бок, каб атрымаць і сваю кулю.

Першае выданне кнігі Ле Карэ выйшла з пахвалой Грэма Грына на супервокладцы: «Гэта найлепшая шпіёнская гісторыя, якую я калі-колечы чытаў». Чытачы таксама ацанілі майстэрства Ле Карэ, і кніга стала шумным бэстсэлерам, які катапультаваў пісьменніка ў статус літаратурнай знакамітасці. У пачатку 1960-х раман «Шпіён, які прыйшоў з холаду» ацэньваўся таксама і праз кантраст з надзвычай тады папулярнымі шпіёнскімі раманамі Ена Флемінга пра брытанскага суперагента 007 Джэймса Бонда (тады якраз пачалі круціць фільмы пра Бонда), дзе шпіянаж быў прадстаўлены як гламурны занятак у абставінах, у якіх усім ясна, дзе нягоднікі і мярзотнікі, а дзе героі і збаўцы свету. Кніжка Ле Карэ, знаўцы шпіёнскай тэмы «з сярэдзіны», паказала, што насамрэч у шпіянажы справы больш складаныя і, так бы мовіць, зусім не гламурныя.

Сёння, калі адны лічаць Эдварда Сноўдэна звычайным здраднікам, а іншыя бачаць яго кандыдатам на Нобелеўскую прэмію, мы хутчэй за ўсё прызнаем рацыю Ле Карэ, а не Флемінга і фільмаў пра Бонда.

5. Янка Брыль, «Птушкі і гнёзды»


Янка Брыль

Гэтая кніга магла б стаць беларускім адпаведнікам «Выхавання пачуццяў» Флабэра. Але не стала, таму што, так бы мовіць, не магла стаць.

У Янкі Брыля была адметная біяграфія, на якой ён пабудаваў гэты свой тоўсты раман, адзіны ў пісьменніцкай кар’еры. Нарадзіўся Брыль у 1917 у Адэсе; ягоная сям’я пераехала ў Заходнюю Беларусь, на Наваградчыну, калі будучаму беларускаму пісьменніку-класіку было пяць гадоў; у Польшчы Брыль закончыў сямігодку, потым спрабаваў вучыцца ў гімназіі; у 1939 быў прызваны ў польскае войска, служыў у марской пяхоце; трапіў у нямецкі палон каля Гдыні ў верасні 1939; у 1941 годзе уцёк у Беларусь, дзе далучыўся да савецкіх партызанаў. Ягонае пасляваеннае жыццё — гэта шмат у чым узорны шлях савецкага пісьменніка ў класікі: у 1952 Брыль атрымаў Сталінскую літаратурную прэмію, потым Дзяржаўную прэмію БССР, потым тытул народнага пісьменніка. Зразумела, пры ўсім пры гэтым Брыль быў і савецкім народным дэпутатам, і рэдактарам адпаведных савецкіх часопісаў ды сакратаром адпаведных савецкіх арганізацый, і наогул савецкім чалавекам да мозгу касцей. Ну але гэта толькі так, дробязі побыту…

Для пісьменніка, безумоўна — найважнейшыя ягоныя творы, а не медалі, ордэны і тытулы. «Птушкі і гнёзды» — opus magnum Брыля — расказвае пра лёс Алеся Руневіча, маладога хлопца з Заходняй Беларусі, які прынамсі ў асноўных пунктах сваёй біяграфіі дакладна паўтарае жыццёвыя перыпетыі аўтара. Кніжка заканчваецца ў момант, калі Алесь уцякае з палону ў глыбіні Германіі ў Беларусь пад нямецкай акупацыяй і далучаецца да савецкіх партызанаў на Наваградчыне. Цяперашні час у рамане — гэта перыяд нямецкага палону 1939—1941 гг. Але ў шматлікіх лірычных рэтраспекцыях пісьменнік прадстаўляе эпізоды з юнацтва і маладосці Алеся ў даваеннай Польшчы ці нават з ранняга дзяцінства над Чорным морам.

Як я адзначыў, з такой біяграфіяй за плячыма ў аўтара мог бы атрымацца харошы раман пра «выхаванне пачуццяў» маладога беларуса, які да войска і палону так і не спазнаў кахання і не атрымаў ніякага сэксуальнага досведу, ад чаго Руневіч, як і кожны малады мужчына ў ягоным узросце, падсвядома і свядома пакутуе, гледзячы на распусных немак і цнатлівых славянак у нямецкіх краявідах. Праблема, аднак, у тым, што Янку Брылю конча трэба было прадставіць у сваёй найважнейшай кнізе «выхаванне пачуццяў» Руневіча да Савецкага Саюза ды да камуністычнай ідэалогіі. І ўся кніжка, калі можна так выказацца, прасмярдзела гэтымі савецка-камуністычнымі пачуццямі настолькі, што чытачу не чуваць ні каліва ніякіх іншых водараў. Як кажуць, лыжка дзёгцю псуе бочку мёду. А ў сваю бочку Янка Брыль уліў некалькі вёдраў ідэалагічна выверанага дзёгцю.

Шмат хто, у тым ліку і я грэшны, гатовы без аніякіх умоваў выбачыць беларускім савецкім пісьменнікам палітычны канфармізм і маральную бесхрыбетнасць у савецкую эпоху толькі за тое, што яны пісалі па-беларуску. Як-ніяк, ратавалі ж мову, а таму чорт бяры ўсе тыя вершыкі пра ленінаў і апавяданні пра калгасныя перспектывы. Аднак я далей за гэта не магу пайсці і не выбачаю нікому з савецкіх пісьменнікаў літаратурнага фальшу і ідэалагічнай зацыкленасці, якая прадстаўляла жыццё не такім, якім яно бачылася пісьменніку, а такім, як хацелі бачыць яго іншыя. «Птушкі і гнёзды» — хрэстаматыйны прыклад такога вымушанага, сфальшаванага бачання.

Недзе ў сярэдзіне 1990-х я колькі хвілін паразмаўляў з Янкам Брылём у Мінску. Сам факт размовы мне запомніўся, бо была гэта мая першая і апошняя размова пра літаратуру з жывым савецкім класікам. Я спытаў Брыля пра сапраўдныя прычыны, дзеля якіх Руневіч так ірваўся ў Савецкі Саюз, у чужую яму краіну, з іншай чужой краіны, Германіі. То бок у падтэксце майго пытання быў выразны сумнеў у шчырасці літаратурнага вобразу Руневіча… Пісьменнік адказаў мне нешта трафарэтнае, накшталт «вам, маладым, лёгка сёння асуджаць камунізм і Савецкі Саюз, калі яны ўжо памерлі, але тады мы не думалі такім чынам — сэрца цягнула нас да родных ніў і краявідаў, да радзімы…»

Ну дык трэба было і напісаць толькі пра тое, да чаго цягнула сэрца… А ідэалагічныя ланцугі, у якія потым тое сэрца закавалі, зняць, хоць бы на момант, калі не ў жыцці, то ў літаратуры, якая наогул трывае даўжэй за жыццё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?