Лукашэнка мяркуе, што Праваслаўная Царква мае патрэбу ў рэфармаванні. Пра гэта ён заявіў сёння, выступаючы перад журналістамі.
«Дзякуй Богу, што наша Царква не хварэе той заразай, якой захварэла царква на Захадзе.
Пра гэта ўсе чулі: педафілія, «блакітныя», «ружовыя», «зялёныя», — чорт ведае што там робіцца», — сказаў ён.
«Але хварэць мы ўжо пачынаем, і думаю, тут Праваслаўная Царква з дзяржавай недапрацоўваюць. Мы можам страціць цэлае пакаленне моладзі. Дарэчы, пра гэта кажа і Папа Францішак», — адзначыў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што ён з’яўляецца прыхільнікам таго,
«каб наша Царква паступова рэфармавалася, пачынаючы ад царкоўнай мовы».«Доўгія малебны, службы, пропаведзі… А дарослае пакаленне, бабулькі проста не вытрымліваюць гэтага», — заўважыў ён.
Таму, на яго думку, «трэба быць больш кароткімі, кампактнымі, больш сучаснымі».
«Я супраць таго, каб людзі прыходзілі і
дзве-тры гадзіны слухалі малебен на нагах, не маючы магчымасці прысесці», — сказаў Лукашэнка.
Акрамя таго, Лукашэнка з’яўляецца праціўнікам таго, каб Царква будавала «велізарныя храмы». «Яны павінны быць утульнымі, для душы, не трэба ціснуць на чалавека», — сказаў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што сказаў пра гэта адкрыта, бо «ў нас малады, актыўны, абсалютна здаровы патрыярх, якога паважае моладзь».
«Таму надзея на нашага патрыярха, святароў. Я рызыкнуў агучыць свой пункт гледжання, і думаю, нам ёсць над чым задумацца. У Беларусі мы пра гэта падумаем».