Аляксандр Лукашэнка збіраецца «прывесці да прытомнасці» будаўнічую галіну, у тым ліку карнымі мерамі. Пра гэта ён заявіў журналістам 26 ліпеня падчас наведвання месца будаўніцтва аквапарку ў Мінску.

Ён не сумняваецца ў тым, што будаўнічую галіну ў Беларусі ўдасца аздаравіць.

«Што да праблемы карумпаванасці некаторых чыноўнікаў, а іх нямала, павінен сказаць, што ў свеце няма такога вопыту, каб поўнасцю засцерагчы тую ці іншую галіну ад карупцыі. Такога вопыту няма. Але як бы тут ні фанабэрыліся некаторыя, хто нас крытыкуе ў Расіі, на Захадзе, у Амерыцы, ім далёка да таго ўзроўню барацьбы з карупцыяй, які існуе ў Беларусі».

«Гэта вельмі сур’ёзны працэс, і я пастаянна папярэджваю пра гэта. Некаторыя не разумеюць.
Не разумеюць — значыць будзе пэўная адказнасць. Але пытанне не ў тым, каб пасадзіць, пытанне ў аздараўленні ўсёй сістэмы», — падкрэсліў Лукашэнка.

«Будаўнічая галіна ў нас не проста хранічна хворая — у нас наогул такая галіна, якой яна наогул не павінна быць у нашым грамадстве і краіне.

Таму як бы хтосьці хацеў гэтага ці не, мы яе прывядзем да прытомнасці і аздаровім. Яна будзе працаваць у інтарэсах народа. Але цярпець суцэльныя скаргі ад людзей я, як прэзідэнт, не маю намеру, я абавязаны рэагаваць на грамадскую думку», — заявіў ён.

Ён заўважыў, што грамадзяне не патрабуюць ад будаўнікоў нічога звышнатуральнага — толькі пабудаваць у тэрмін, якасна і за раней дамоўленую цану.

«Вось мы і патрабуем гэтага. Думаю, вельмі многія ўжо зразумелі, што жартаваць мы ні з кім не будзем. Сёння старшыня камітэта паведамляў, што распачатыя ўжо каля васьмі дзясяткаў крымінальных спраў толькі ў гэтай сферы. І

мы пройдземся тут гусеніцамі самага цяжкага танка,
пачынаючы ад чыноўнікаў УКБ, праз праекціроўшчыкаў і будаўнікоў. Але мы выраўнуем гэта месца так, што народ да нас прэтэнзій мець не будзе. І гэта толькі пачатак», — папярэдзіў Лукашэнка.

Будзе больш жорсткі і падыход да прыватных кампаній у будаўніцтве, дадаў кіраўнік дзяржавы. «Яны павінны разумець, што зарабілі свой адмоўны імідж. І мы ўсё больш будзем адмаўляцца ад прыватных забудоўшчыкаў, канцэнтравацца на буйных дзяржаўных будаўнічых кампаніях. Прыватнік атрымае падрад толькі тады, калі ён дакажа сваю кампетэнтнасць. Хочаш будаваць — калі ласка, але пакажы, дзе твая будаўнічая арганізацыя або, у крайнім выпадку, дзе твае грошы, за якія ты хочаш будаваць», — сказаў Лукашэнка.

«Проста так, як гэта было раней, ужо не будзе. Бярэ зямлю, пляцоўку, потым перапрадае, не выходзіць на яе, а калі і выйшаў, то пачынае „даіць“ людзей на ўсю катушку, нічога не пабудаваўшы.

Гэтага больш не будзе. А калі будзе, я ўжо прама і жорстка сказаў — усе сядуць у камеру. Будзем прымяняць карныя меры для таго, каб людзі на нас не крыўдзіліся», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?