Найбольш перспектыўнымі для будаўніцтва АЭС у Беларусі з’яўляюцца пляцоўкі ў Магілёўскай вобласці, паведаміў 6 верасня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Цімашпольскі. «Прыярытэт на 90% аддаецца Магілёўскай вобласці, — сказаў ён. — Мы хочам выбраць самую лепшую пляцоўку, дзе будзе суцэльны грунт».

Паводле слоў У.Цімашпольскага, у Беларусі цяжка падабраць ідэальнае месца пад будаўніцтва АЭС, «паколькі шмат азёр». У сувязі з гэтым кошт будаўніцтва АЭС будзе некалькі павялічаны. «Сярэдняя цана будаўніцтва аднаго кілавата магутнасцей пры нармальнай пляцоўцы ва ўсім свеце на ўзроўні 1.600 долараў. У нас жа будзе ў сярэднім 2.000 долараў», — падкрэсліў спецыяліст.

Вучоны праінфармаваў, што з 54 перспектыўных пляцовак выбрана дзве‑тры. Гэта Краснапалянская, Кукшынаўская і пляцоўка ў Заходняй Беларусі на мяжы з Літвой. «Ігналінская АЭС хоча захоўваць адходы на мяжы з Беларуссю. Чаму нам таксама не пабудаваць там блок, бо пахаванне адходаў павінна весціся ў радыусе 10 км ад блока», — зазначыў У.Цімашпольскі. Паводле яго слоў, пры будаўніцтве АЭС разглядаюцца такія пытанні, як «палітычная падаплёка, станцыя як такая і пляцоўка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?