Сакавітая выстава мастака, які не пайшоў па салонным шляху, у «ЛаСандр‑арце».

Машына заглухла нечакана — як гэта яна заўжды робіць. Угаворы ні да чаго не прывялі. Я параіла ёй падумаць над сваімі паводзінамі, узяла торбу і пакрочыла па Раманаўскай слабадзе. Каб не пачынаць дзень зь непрыемнасьці, каб вярнуць раўнавагу, вырашыла зайсьці ў галерэю «ЛаСандр‑арт», што трапіла на шляху. Зайшла і зразумела: як добра, што машына заглухла!

У «ЛаСандр‑арт» праходзіць выстава Ўладзімера Кандрусевіча «Гарадзкія гульні» — пятнаццаць палотнаў, аб’яднаных тэматычна і па часе стварэньня… Мне падалося, што я трапіла ў Менск сноў. Мне падалося, што так Менск яшчэ ніхто не пісаў. Пазнавальныя сюжэты, пазнавальныя тыпажы, і кожны — чалавек з душой. Ці мастак жыве сярод такіх душэўных людзей, ці ён надае ім душу падчас стварэньня карціны? Загадка мастацтва. У мастака свой погляд, востры і добры.

Хаця на палотнах амаль няма менскіх архітэктурных і пэйзажных рэалій, але горад вельмі пазнавальны. Мянчанкі зь міндалевіднымі вачыма — сама сутнасьць прыгажосьці, падлеткі гуляюць у сокс, старыя, у тварах якіх адлюстроўваецца плынь жыцьця, алканаўты і эмігранты…

«Я нарадзіўся, вырас і сталеў у Менску. Што ж мне яшчэ пісаць, калі не яго? Большасьць сюжэтаў я падгледзеў тут, але, мусіць, яны будуць цікавыя і жыхарам іншых гарадоў», — гаворыць мастак.

Дырэктарка галерэі, мастацтвазнаўца Ларыса Бортнік дадае:

«Наша галерэя разьмяшчаецца тут, на Раманаўскай слабадзе, 24, з 2000 году. Сфэра нашых зацікаўленасьцяў — гэта беларуская мастацкая школа другой паловы ХХ стагодзьдзя і тыя з маладых мастакоў, хто вырас з гэтай традыцыі. Працы Кандрусевіча нас зацікавілі менавіта з гэтай прычыны. Малады мастак не пайшоў па шляху салоннага жывапісу, яго манера — вельмі своеасаблівая — блізкая да рэалізму. Ён адчувае нэрв гораду, ён заклікае нас не забывацца, што вакол многа тых, каму жывецца нялёгка… Важна і тое, што Ўладзімер працягвае творчую дынастыю — ён унук вядомага беларускага мастака Натана Воранава. А ўвогуле экспазыцыя ў нас зьмяняецца прыкладна раз на месяц, заходзьце!»

Ясная рэч, зайду! Ня так і шмат у Менску месцаў, дзе, проста адчыніўшы дзьверы з вуліцы, можна атрымаць столькі станоўчых эмоцый.

Наталка Бабіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0