Рост ВУП на 2014 год запланаваны на ўзроўні 5,7%. Паводле звестак БелаПАН, такая ацэнка прыводзіцца ў абноўленай канцэпцыі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год, якая ўнесена на разгляд Савета міністраў.

Мяркуецца, што асноўным фактарам эканамічнага росту ў наступным годзе павінна стаць павелічэнне экспарту. Эканамічныя ўлады, якія рыхтавалі канцэпцыю прагнозу, запланавалі ў 2014 годзе рост экспарту тавараў і паслуг на 11,4%.

Як паведамлялася раней, 23 ліпеня адбылося пасяджэнне прэзідыума Савета міністраў, падчас якога былі разгледжаны канцэпцыі праектаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2014 год.

«Было адзначана, што галоўнай задачай, якую трэба будзе вырашыць ў 2014 годзе, стане дасягненне эканамічнага росту пры адначасовым забеспячэнні збалансаванасці эканомікі», — падкрэслівалася ў паведамленні прэс-службы Саўміна па выніках пасяджэння.

У ходзе абмеркавання прадстаўленых канцэпцый членамі прэзідыума Савета міністраў былі вылучаны шэраг заўваг і прапаноў. Зацікаўленым дзяржорганам даручана на працягу месяца дапрацаваць праекты дакументаў з улікам агучаных прапаноў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?