Зіма сёлета моцна трымалася, але ўрэшце наступілі цёплыя дзянькі. Сышоў снег, падсохла, выявілася многа бруду, смецця, схаваных пад снегам.

Набліжаліся майскія святы, і гаспадары наводзілі парадак на панадворках. Управіўшыся, Вернік вырашыў упрыгожыць сваю хату.

Па тэлевізары ён бачыў, што ў праваслаўных епіскапаў святочнае адзенне апаясанае бел-чырвона-белай паласой. З кніг Вернік даведаўся, што гэта значыць: Кроў Хрыста на Плашчаніцы. Высока над хатай узнёс бел-чырвона-белы білборд, такім чынам ушанаваў памяць нашага Збаўцы. Задаволены працай, Вернік прысеў на лаўку адпачыць.

Дзень толькі пачынаўся. Аднекуль з-за вугла з’явіўся няголены, «пад мухай», Васька, а за ім — яшчэ некалькі яго сяброў. «Дапамажы, гаспадар, трубы гараць, галава трашчыць. Дай на «чарніла», будуць грошы — аддамо», — заклянчылі выпівохі.

«Не, хлопцы, на віно не дам, а вось расолам пачастую». Мужыкі з прагнасцю асушылі трохлітровы слоік агурковага расолу.
Падзякаваўшы, рушылі шукаць грошай на бутэльку.

А Вернік задумаўся: чаму чалавек співаецца, губляе людское аблічча, увесь сэнс жыцця зводзіцца да пошуку бутэлькі? «Чарніла» ў параўнанні з кілбасой таннае. А, можа, няма ў чалавека стрыжня, мэты?

Гэтую праблему Вернік вырашыць не мог. А калі на дапамогу паклікаць святы сімвал? І Вернік на бел-чырвона-белы сцяг змясціў «Пагоню» (афіцыйны герб Віцебскай вобласці). «Можа, святы сімвал неяк прыпыніць гібель беларускага народа хоць бы ў адной вобласці?» Для прыгажосці па баках размясціў беларускі арнамент.

Закончыўшы працу, Вернік адыйшоў метраў на пятнаццаць. Прыгажосць! Нездарма кажуць, што прыгажосць уратуе свет. Мо і слабаму чалавеку дапаможа перамагчы «зялёнага змея».

Але нядоўга музыка гучала! Убачыў Нячысцік святы сімвал і затросся ад страху і злосці:
убачаць Сатана ці яго васалы гэты сімвал, адправяць Нячысціка простым рабочым у пекла, дзе смуродна, душна, енкі, мацюкі.

А так было шыкоўна! Вялікі аклад, дзяржаўная машына, да свята прэмія ў канверціку, нарэшце, высокая пенсія па старасці.

Не, за выгоды трэба змагацца.

Нячысцік пачаў дзейнічаць. Паслаў ён Вампіра да калгасных кароў набраць крыві з жылаў, каб цямнейшая была. Сынка свайго Нячысцік адправіў у калгасную канюшню, дзе яшчэ засталіся трое коней. Наскуб валасоў з хваста, зрабіў файны пэндзлік. Два хаўруснікі Нячысціка прыперлі ад суседа старую доўгую драбіну, бо білборд высока знаходзіўся.

З нецярпеннем дачакаліся ночы, калі ўсе добрыя людзі адпачываюць. Сам Нячысцік (а меў ён пад восем пудоў вагі), узяўшы вядро з крывёю і пэндзаль, палез наверх. Драбіна хісталася і патрэсквала. Было боязна, але іншага выйсця не было: пужала перспектыва ПЕКЛА.

Абліўшыся крывёю, так-сяк запэцкаў бел-чырвона-белы святы сімвал разам з «Пагоняй» цёмнай крывёю. З цяжкасцю пачаў спускацца.
Ногі дрыжэлі, у горле перасохла, па спіне цяклі ручаінкі поту. Раптам на сярэдзіне драбіна хруснула і Нячысцік грымнуўся на зямлю, а верхні канец драбіны ляснуў Вампіра па галаве. Так ім і трэба.

Ачуняўшы, сатаністы вырашылі «замачыць» зробленую справу. І ракой палілася медавуха. Пілі-елі што хацелі. Сталы аж ламаліся ад напояў і закусак. Хаўруснікі не думалі, што грэх тых, хто прадаў душу Сатане, ляжыць не толькі на іх, але і на нашчадках.

Дзеці, унукі, праўнукі не будуць разумець, за што на іх адна за другой навальваюцца беды.
Яны ж нічога дрэннага не рабілі, не робяць. Сучаснікі! Помніце пра адказнасць перад перад сваімі нашчадкамі.

Гэтыя сатаністы пра нашчадкаў не думалі. Оргія працягвалася да раніцы.

Было гэта пад Свілам у ноч перад Вялікаднем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?