У Беларусі зацверджана Канцэпцыя барацьбы з тэрарызмам. Адпаведная пастанова № 658 ад 25 ліпеня за подпісам прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча размешчана 31 ліпеня на Нацыянальным інфармацыйным прававым партале.

У Канцэпцыі акрэслены асноўныя тэндэнцыі сучаснага тэрарызму, знешнія і ўнутраныя крыніцы тэрарыстычнай пагрозы.

У якасці ўнутраных крыніц тэрарыстычнай пагрозы ў Беларусі ў дакуменце ўказаны «фарміраванне, пранікненне або распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму, сепаратызму, нацыянальнай, расавай і рэлігійнай няцерпімасці, узнікненне або незаконная дзейнасць арганізацый, груп, асобных асоб, якія прытрымліваюцца і прапагандуюць указаную ідэалогію, а таксама функцыянаванне дэструктыўных культаў і псеўдарэлігійных груп».

Крыніцай тэрарыстычнай пагрозы таксама называецца выкарыстанне ў палітычнай, грамадскай і іншай дзейнасці «метадаў, загадзя скіраваных на дэстабілізацыю становішча ў Рэспубліцы Беларусь, штучнае нагнятанне напружанасці ў грамадстве, якое стварае пагрозу беспарадкаў, што суправаджаюцца насіллем з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх можа паўстаць небяспека для жыцця і здароўя людзей, тэрытарыяльнай цэласнасці і існавання дзяржавы».

У дакуменце таксама адзначаецца, што ўнутранай крыніцай узнікнення тэрарыстычнай пагрозы можа стаць «паслабленне патрыятызму і традыцыйных маральных каштоўнасцяў сярод моладзі з-за недастатковага ўзроўню развіцця грамадзянскай супольнасці, дэструктыўнага інфармацыйнага ўздзеяння на працэс сацыялізацыі моладзі; праява тэндэнцый да росту сацыяльнага расслаення, наяўнасць значнай колькасці злачынных і іншых супрацьпраўных дзеянняў супраць асобы і ўласнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?