Кожны журналіст ведае, што ёсць пытанні-міны. З імі заўжды 50 на 50 — ці атрымаеш сенсацыю, ці чалавека, які больш ніколі не захоча з табою размаўляць. І другі вынік куды больш верагодны, таму выкручваеш, прыхоўваеш, маскіруеш…

Прызнацца, у размове з літаратарам Віталём Рыжковым таксама былі прыхаваны свае выбухоўкі. Яго ж называюць Джымам Морысанам айчыннай літаратуры і героем эратычных мар філалагічных дзеваў, што зачытваюцца яго вершамі.

На шчасце, выбухоўкі не спрацавалі — размова пра спагадлівых фанатак, грошы, мову і творчы анабіёз выйшла надзіва шчырай, а сэкс-сімвал і Морысан аказаўся разумным і цікавым суразмоўцам. Куды больш прыемным за тых, хто распаўсюджвае чуткі і прыдумляе гучныя мянушкі…

— Нават пасля выхаду вашага паэтычнага зборніка вы адмаўляліся называць сябе паэтам. Казалі: каб заслужыць гэтае званне, трэба, нібы Гераклу, здзейсніць 12 подзвігаў. Як поспехі на гэтым шляху?

— Здавалася, напісаў кнігу, яе раскупілі, некаторыя яшчэ і прачыталі. Я атрымаў шмат добрых водгукаў, і паўтары рэцэнзіі былі пазітыўныя. Але паэт… Для мяне гэта сумнеўна праз застарэлыя ідэалістычныя ўяўленні пра гэтую місію. Асабіста мне вельмі падабаецца слова літаратар — чалавек, які частку сябе прысвячае літаратуры.

Для мяне паэт — прызнанне, пацвярджэнне таго, што чалавек адкрыў нешта новае. Вось Алесь Разанаў — паэт, Андрэй Хадановіч — паэт. Віталь Рыжкоў… Да яго ёсць яшчэ пытанні.

— Што ж у такім выпадку зробіць з вас паэта?

— У кнізе, дзе маіх арыгінальных неперакладных вершаў 35, я гатовы адзначыць у лепшым выпадку 5. А для таго, каб быць добрым паэтам, мне падаецца, трэба мець 300—400 тэкстаў, з якіх хаця б палова — на вякі.

— Між тым у анлайн-энцыклапедыі «Вікіпедыя» ёсць артыкул пра вас. Не два радкі, а даволі прыстойны пералік вашых дасягненняў. А яшчэ ў вас ёсць фанаткі. Хіба гэта не сведчанне таго, што «вернай дарогай ідзяце»?

— У пэўную савецкую эпоху паэтам, кнігі якога раскупляліся лепш за ўсё, быў Эдуард Асадаў. Дзяўчаткі перапісвалі яго вершы ў свае дзённічкі ад рукі.
Нібыта «пацан к успеху шел» (смяецца). Але мая памяць выдае дзясяткі імёнаў выдатных аўтараў таго часу, пасля якіх ужо ідзе імя Эдуарда Асадава. Калі ўвогуле ідзе…

Так што папулярнасць можа сведчыць пра тое, што мае працы — папса. Усё вызначыць час.

— Усё ж такі вы кумір для некаторых маладзенькіх і вельмі сімпатычных дзяўчат. Няма спакусы кожны дзень заводзіць новую інтрыжку?

— Па маіх наіўных юнацкіх перакананнях, важна цаніць паэзію ўнутры сябе, а не сябе ўнутры паэзіі. І з гэтага вынікае, што непрыгожа і варта асуджэння, калі літаратар ці іншы творца садзіць дзяўчат-фанатак сабе на каленку. Гэта неяк… гадка.

— Прызнайцеся, проста ў вас ёсць дзяўчына.

— Ёсць, але калі б яе і не было побач, гэта было б не менш гадка.

Гляджу ў кнігу, бачу…

— Ці моцна адрозніваецца Віталь Рыжкоў узору, скажам, 2009-га ад Віталя Рыжкова сённяшняга?

— Той Віталь Рыжкоў не меў нават колькі-небудзь укладзенай кнігі. Толькі тэксты і пэўныя надзеі. Той Віталь у літаратуры займаўся ў асноўным тым, што выступаў і атрымліваў авансам кампліменты, за якія, дарэчы, прыйшлося разлічыцца, як толькі выйшла кніга.

Кніга з’явілася пры канцы 2010-га, але была прэзентаваная пазней — ледзь не ўвесну 2011 праз пэўную дэпрэсіўнасць атмасферы канца 2010 — пачатку 2011.

Сёння я аўтар не проста выдадзенай кнігі, а аўтар прададзенай кнігі. Яна разышлася за 8 месяцаў, і даўно паўстала пытанне пра другі наклад з бонусам — новым тэкстам.
Але справа павісла. Так што за чатыры гады я даведаўся, што такое кнігавыданне ў Беларусі. Але лепш бы мне гэтага не ведаць!

— Чаму? Кожны аўтар марыць выдаць сваю кнігу…

— Зацягнутасць працэсу, тысячы хібаў з майго боку і з боку тэхнічнага цэха можа забіць жаданне выдаваць кнігі раз і назаўжды. Вёрстка, карэктура, пошук вокладкі, вырашэнне грашовага пытання… Для аўтара ўсё гэта такая лішняя інфармацыя! У нармальных краінах ёй займаюцца выдавецтвы альбо літаратурныя агенты. Плюс да ўсяго поўная немагчымасць займацца прамоцыяй кнігі. Калі шчыра, мне проста сціпласць не дазваляе. Не камільфо, па-мойму, займацца самапіярам.

— У творчым плане перамены відавочныя, а што наконт звычайнага жыцця? Чатыры гады таму вакол бытавых умоў, у якіх вы жылі, хадзілі легенды: у якасці жылля — сквот з індусамі-геямі і іншыя неверагоднасці…

— Гэта было значным перабольшваннем, метафарай. Проста я здымаў пакойчык не ў найлепшых умовах. Здымаў тое, што мог дазволіць сабе з заробкам кнігараспаўсюдніка. У мяне і цяпер адзін пакойчык, толькі гэта ўжо добрая і, на мой погляд, утульная аднапакаёвая кватэра.

Інтэлігентна пра мат

— Вы пераклалі на беларускую мову новую кнігу Віктара Марціновіча «Сфагнум» і падчас прэзентацыі прызналіся, што найлепшай ухвалай для вас будзе, калі чытачы не заўважаць, што кніга перакладная. Але там жа атрымалі па шапцы — маўляў, залітаратурны пераклад. Без мату і трасянкі.

— Пра мат я сказаў яшчэ падчас прэзентацыі — гэта было патрабаваннем выдаўца. Наконт таго, што я змяніў трасянку, то я вельмі добра бачу, што на яе з горада глядзяць па-іншаму. Палескую трасянку, якая бліжэй да суржыка, у Мінску, напрыклад, уяўляюць зусім не так, як у любым палескім горадзе. Увогуле, са «Сфагнумам» у нас адбыўся такі ланцужок:

Віктар пісаў трасянку так, як ён яе сабе ўяўляе, я яе злёгку беларусіфікаваў, бо такое проста немагчыма пачуць у вёсцы.
Я ведаю, аб чым кажу, бо дзеянні рамана адбываюцца на Магілёўшчыне, а я сам адтуль родам. А потым рэдактар, які сам з Віцебшчыны, яшчэ больш падправіў нашу агульную трасянку.

Ну, а што тычыцца мату, то я не належу да тых людзей, якія памылкова лічаць, што беларуская мова такая ўся беленькая і цнатлівенькая, што мацюкоў у ёй ніколі не было, няма і не будзе. Гэта няпраўда.

— Аўтарская асоба ў тэксце перакладаў вельмі важная?

— Пазнавацца павінен не перакладчык, а аўтар. Я мушу не адрозніць пераклады аднаго і таго ж твора Умберта Эка, калі яго рабілі розныя перакладчыкі. Так мусіць быць у ідэале. І я павінен адрозніць Умберта Эка ад Сартра ці Сэлінджэра, нават калі іх усіх перакладаў адзін чалавек. Тое, што мне ўдалося захаваць Віктара ў рамане Віктара, — камплімент. Школьная прапісная ісціна кажа: «Перакладчык у прозе — раб, перакладчык у паэзіі — супернік».

Адзначаны мовай

— Ёсць стэрэатып, што творчыя людзі, і асабліва літаратары, — маргіналы, людзі, што выпалі з жыцця. Ці не адчуваеце сябе замкнёным у пэўным гета, рэзервацыі?

— Я не імкнуся да пэўных суполак. Мне пашчасціла: я ўваходжу ў саюз сяброў, якія па сумяшчальніцтве яшчэ і добрыя літаратары.

Я пачынаў пісаць па-руску, але тое, што зрабіла мяне літаратарам і дазволіла какетнічаць на тэму, паэт я ці не, — гэта пераход на беларускую мову.
Яна адкрыла мне магчымасць напісаць паэзію пасля соцень вучнёўскіх рускамоўных тэкстаў.

Менавіта мова зрабіла мяне вельмі арыгінальным у Магілёве. Нармальна так — быць адным з трох маладых аўтараў, якія пішуць не па-руску? Гэта звяртае на сябе ўвагу. Тым больш, што ўнутры беларускамоўнага сегмента ёсць прастора для творчасці. Я, прынамсі, заўжды імкнуся да адрозненняў.

Так што беларуская мова — гэта суцэльныя плюсы для літаратараў.

Воўчыя правілы

— Літаратура не вельмі добра стасуецца з такім паняццем, як грошы. А людзі любяць грошы…

— Людзям неабходны грошы. Жыць на тое, што зароблена выключна з беларускай літаратуры, удаецца адзінкам. Пальцаў адной рукі будзе дастаткова, каб пералічыць гэтых людзей.

— Пры гэтым кожная праца павінна аплачвацца. Калі высілкі не будуць манетызаваныя, то як утрымаць творчасць ад пераходу ў разрад хобі?

— Гэта цалкам імаверная небяспека, прымальная рызыка і найбольш верагодны вынік таго, што чакае амаль усіх. Большасць сыдзе ў літаратурную Вальгалу былых герояў, стане прафесійнымі чытачамі новай беларускай літаратуры. Будзе працаваць на сайтах, на халодных абзвонах, грузчыкамі альбо кухарамі. І гэта — аб’ектыўная рэальнасць. Толькі адзінкі з нас застануцца паэтамі, дойдуць да канца і памруць найлепшымі.

— Верыце, што да канца дойдуць менавіта найлепшыя?

— Заўжды трэба быць гатовым да таго, што нават пасля шматлікіх слоў аб тым, што ты нешта адкрыў, нешта прасунуў, назаўтра пра цябе забудуцца. Такія воўчыя правілы… Дзе цяпер сотні і сотні таленавітых музыкантаў, паэтаў, празаікаў, мастакоў? Мы ж іх усіх ведалі, вось яны — тысячы людзей, якія вельмі прыгожыя і звонку, і ў сярэдзіне. Пры сустрэчы глядзіш на іх з цеплынёй і радасцю, але яны даўно сышлі ў анабіёз…

* * *

Віталь Рыжкоў. Нар. у Магілёве ў 1986. Бацька — рабочы, маці — служачая. Атрымаў інжынерную адукацыю ў Беларуска-расійскім універсітэце (Магілёў). Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў», пераможца конкурсу імя Карласа Шэрмана, пераможца слэмаў на міжнародных фестывалях, лаўрэат прэміі «Дэбют» імя Багдановіча за кнігу паэзіі «Дзверы, замкнёныя на ключы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?