У Баранавічах мясцовыя ўлады забаранілі пікет у падтрымку Алеся Бяляцкага. Заяўку на гадзінную акцыю на 4 жніўня падавалі актывіст руху «За Cвабоду» Віктар Сырыца і праваабаронца Сяргей Гоўша.

Як паведаміў Сырыца, яны планавалі гэты інфармацыйны пікет з мэтай прыцягнуць увагу гараджан да другой гадавіны затрымання віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна». Паводле слоў актывіста, у правядзенні акцыі адмоўлена на той падставе, што яна намячалася не на месцы, вызначаным Баранавіцкім гарвыканкамам для такіх мерапрыемстваў.

«Мы падавалі заяўку на пікетаванне на плошчы Леніна, каб прыцягнуць як мага большую колькасць людзей.

Тым больш што на гэтай плошчы ўлады арганізуюць свае мерапрыемствы, — паведаміў Сырыца. — Праводзіць пікет у старым парку на вуліцы Камсамольскай, які мясцовая ўлада вызначыла для масавых мерапрыемстваў, не мае сэнсу. Там практычна няма людзей».

Сырыца зазначыў, што забарону пікета яны лічаць парушэннем права на мірныя сходы і свабоднае выказванне свайго меркавання, прадугледжанае Канстытуцыяй.

«На гэты час мы не плануем яго абскарджваць. Тым больш практыка паказвае, што суд адмаўляе ў задавальненні скаргаў актывістаў дэмсіл на забароны заяўленых імі акцый», — падкрэсліў Сырыца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?