Бяляцкі, ягонае затрыманне 4 жніўня 2011 г.

Бяляцкі, ягонае затрыманне 4 жніўня 2011 г.

Сёння спаўняецца роўна два гады з моманту арышту Алеся Бяляцкага — віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна».Да гэтай даты прымеркаваны Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Мінску 4 жніўня 2011 года. У лістападзе таго ж года суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і асудзіў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Бяляцкага замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, так як цэнтр «Вясна» працуе нелегальна
— ўлады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што шкода, якую нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, была цалкам пагашана за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.
Праваабаронца адбывае пакаранне ў Бабруйску (213800, Магілёўская вобл., г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1), ён афіцыйна прызнаны вязнем сумлення.

Да даты арышту Алеся Бяляцкага прымеркаваны Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Акцыя прысвечана «сучасным гуманістам і летуценнікам, а таксама тым людзям і арганізацыям, якія ўвасабляюць сабой Беларусь свабоды і супраціву». Акцыі салідарнасці пройдзе ў розных краінах свету.

Што да Беларусі, то заяўкі на правядзенне 4 жніўня пікетаў салідарнасці з палітвязнямі былі пададзеныя ў больш чым дзесяці гарадах, аднак усюды правядзенне было забаронена мясцовымі ўладамі.

Напярэдадні Дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі Міжнародная федэрацыя правоў чалавека чарговы раз заклікала беларускія ўлады неадкладна вызваліць свайго віцэ-прэзідэнта Алеся Бяляцкага.

Неадкладна вызваліць Бяляцкага і спыніць пераслед праваабаронцаў заклікаў і спецдакладчык па Беларусі Рады ААН па правах чалавека Міклаш Харашці, а таксама прадстаўнік Дзярждэпа ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?